навіны

Эксперты падлічылі, колькі будзе каштаваць айфон, зроблены ў ЗША, а не Кітаі

Каля 90 % айфонаў збіраюцца ў Кітаі. Фота: cottonbro studio/ pexels.com
Каля 90 % айфонаў збіраюцца ў Кітаі. Фота: cottonbro studio/ pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Доналд Трамп выхваляўся, што «працоўныя месцы і фабрыкі імкліва адновяцца» пасля ўвядзення беспрэцэдэнтных мытаў, але, хутчэй, адбудзецца рэзкі рост коштаў на тавары для спажыўцоў.

Прэзідэнт і ягоныя эканамічныя чыноўнікі паабяцалі, што ў выніку ўвядзення мытаў шматлікія працоўныя месцы ў апрацоўчай прамысловасці ў канчатковым выніку будуць «перанесеныя» ў ЗША, што забяспечыць працаю мільёны амерыканцаў.

Кіраўнік аддзелу даследаванняў тэхналогіяў у фінансавай кампаніі «Wedbush Securities» Дэн Аіўз, заявіў CNN, што гэтая ідэя – «прыдуманая гісторыя».


Ён дадаў, што кошт айфонаў, вырабленых у ЗША, можа ў тры разы перавысіць цяперашні кошт на новы смартфон памерам $ 1000, бо для гэтага запатрабуецца ўзнавіць надзвычай складаную вытворчую экасістэму, якая існуе ў Азіі.


«Вы будуеце ланцужок паставак у ЗША з фабрыкай у Заходняй Вірджыніі і Нью-Джэрзі. Гэта будуць айфоны за $ 3500», – сказаў ён, маючы на ​​ўвазе заводы для вытворчасці або высокатэхналагічныя вытворчыя магутнасці, дзе звычайна вырабляюцца камп'ютарныя чыпы, якія сілкуюць электронныя прылады.


І нават у гэтым выпадку «Apple» спатрэбіцца прыблізна $ 30 мільярдаў і тры гады, каб перамясціць хаця б 10 % свайго ланцужка паставак у ЗША, мяркуе эксперт.

Вытворчасць і збор дэталяў для смартфонаў перамясціліся ў Азію дзесяцігоддзі таму, бо амерыканскія кампаніі ў асноўным засяродзіліся на распрацоўванні праграмнага забеспячэння і праектаванні прадуктаў, што дае значна больш высокую маржу прыбытку. Гэты крок дапамог «Apple» замацавацца ў якасці даміноўнага вытворцы смартфонаў.

З моманту інаўгурацыі Трампа ў канцы студзеня акцыі «Apple» страцілі каля 25 % кошту праз асцярогі з нагоды ўплыву мытаў на яе ланцужок даставак, бо каля 90 % айфонаў збіраюцца ў Кітаі.


Чыпы, на якіх працуюць айфоны, у асноўным вырабляюцца на Тайвані, а экранныя
панэлі дастаўляюцца паўднёвакарэйскімі кампаніямі. Некаторыя іншыя кампаненты вырабляюцца ў Кітаі, а канчатковы збор у асноўным адбываецца ў гэтай краіне.


У лютым «Apple» абвясціла, што за наступныя чатыры гады інвестуе $ 500 мільярдаў у ЗША ў межах сваіх намаганняў пашырыць вытворчасць за межамі Кітаю.

Тэхналагічныя аналітыкі сыходзяцца ў меркаванні, што кошты на айфоны, хутчэй за ўсё, вырастуць, нават калі ланцужкі даставак застануцца ранейшыя. «Rosenblatt Securities», інвестыцыйны банк з Нью-Ёрку, заявіў, што айфоны могуць стаць на 43 % даражэйшыя, калі «Apple» перакладзе ўвесь кошт больш высокіх тарыфаў на спажыўцоў.

Ніл Шаг, віцэ-прэзідэнт у даследаваннях кампаніі «Counterpoint Research», мяркуе, што айфон можа каштаваць прыблізна на 30 % даражэй, але гэта можа залежаць ад таго, дзе яны робяцца.

Раней «Apple» імкнулася дыверсіфікаваць свае вытворчыя базы з Кітаю ў Індыю і Бразілію ды магла б перанесці вытворчасць ключавых кампанентаў у іншыя краіны, каб знізіць кошт сваіх тэлефонаў. Індыя сутыкаецца з мытамі 26 %, у той час як Бразілія пацярпела ад 10 %. Хоць мыты для Бразіліі і самыя нізкія сярод ключавых цэнтраў вытворчасці айфонаў, яна, верагодна, не вырабляе дастаткова магутнасцяў, каб запоўніць прабел, пакінуты Кітаем, адзначыў Шаг.

Тэса Анэйда / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10