навіны

Што падаражэе з уводам амерыканскіх мытаў на кітайскія прадукты?

Прэзідэнт Трамп праводзіць мерапрыемства «Зробім Амерыку зноў багатай» у ружовым садзе Белага дома. Вашынгтон, Калумбія, 2 красавіка. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Прэзідэнт Трамп праводзіць мерапрыемства «Зробім Амерыку зноў багатай» у ружовым садзе Белага дома. Вашынгтон, Калумбія, 2 красавіка. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Гандлёвая вайна паміж Кітаем і ЗША пачалася з увядзеннем 9 красавіка мыта памерам 104 % на імпарт кітайскіх тавараў у краіну. Кітай у адказ ужо ўстанавіў уласныя гандлёвыя бар'еры супраць ЗША. Што гэтая гандлёвая вайна прынясе сусветнай эканоміцы?

У эканамічным разборы Бі-Бі-Сі паказвае, што ў 2024 годзе абʼём гандлю таварамі паміж краінамі склаў $ 585 млрд, пры гэтым ЗША імпартавалі з Кітаю значна больш ($ 440 млрд), чымся Кітай з Амерыкі ($ 145 млрд).

У выніку ў 2024 годзе ў ЗША ўзнік гандлёвы дэфіцыт з Кітаем (розніца паміж імпартам і экспартам) памерам $ 295 млрд. Гэта значны гандлёвы дэфіцыт, эквівалентны прыкладна 1 % эканомікі ЗША. Але гэта значна менш за $ 1 трлн – сумы, якую неаднаразова называў Доналд Трамп.


Трамп ужо ўводзіў мыты на тавары з Кітаю ў свой першы прэзідэнцкі тэрмін, пасля іх павялічыў Джо Байдэн. Гэта скараціла долю кітайскіх тавараў у ЗША з 21 % да 13 % за апошнія 8 гадоў, а гандлёвая залежнасць ЗША ад Кітаю зменшылася.


Але па факце кітайскія тавары ўсё гэтак жа працягвалі прыязджаць у ЗША пад выглядам тавараў з краінаў Паўднёваўсходняй Азіі. Напрыклад, гэтак адбылося з сонечнымі панэлямі: у 2018 годзе на іх увялі мыты – і кітайскія вытворцы сталі збіраць іх у Малайзіі, Тайландзе, Камбоджы і Вʼетнаме, а потым дастаўляць у ЗША. Гэта значыць, Кітай дастаўляў свае тавары ў абыход мытаў, проста яны сталі даражэйшыя для спажыўцоў.


Што ЗША і Кітай імпартуюць адно ў аднаго?


У 2024 годзе найбуйнейшаю катэгорыяй тавараў, якую ЗША прадавалі ў Кітай, былі соевыя бабы (яны ішлі на корм прыкладна 440 мільёнаў свінняў у Кітаі), фармацэўтычныя прэпараты і нафтапрадукты.


Кітай у ЗША пастаўляў у асноўным электроніку, камп'ютары, цацкі і акумулятары для электрамабіляў.


Самая вялікая катэгорыя імпарту ў ЗША з Кітаю – смартфоны, на якія прыпадае 9 % ад агульнага абʼёму. Вялікая іх частка вырабляецца ў Кітаі для «Apple», амерыканскай шматнацыянальнай кампаніі. Яна ўжо адчула ўдар: кошт акцыяў кампаніі ўпаў на 20 % за апошні месяц.


Усе гэтыя кітайскія тавары значна падаражэюць для амерыканцаў праз мыта на 20 %, уведзенае адміністрацыяй Трамп. Калі тарыф вырасце да 100 % на ўсе тавары, наступствы могуць быць у пяць разоў большыя.


Мыты на дастаўку тавараў з ЗША ў Кітай таксама прывядуць да падаражэння для кітайскіх спажыўцоў.


Але акрамя мытаў яшчэ ёсць сёе-тое, дзе Кітай можа насаліць ЗША: краіна можа перашкодзіць пастаўкам жыццёва важных для прамысловасці ЗША металаў – ад медзі і літыю да рэдказямельных металаў. Пакуль гэта было зроблена толькі для германію і галію, якія выкарыстоўваюцца ў вайсковай прамысловасці.


ЗША ў адказ могуць заблакаваць пастаўкі ў Кітай мікрачыпаў для такіх праграмаў, як штучны інтэлект, бо Кітай пакуль не можа вырабляць іх самастойна.


Як гэта можа паўплываць на іншыя краіны?


Паводле Міжнароднага валютнага фонду, ЗША і Кітай займаюць велізарную долю сусветнай эканомікі – каля 43 %, таму гандлёвая вайна паміж імі, хутчэй за ўсё, нанясе шкоду эканомікам іншых краінаў у выглядзе запаволення сусветнага росту.


Акрамя таго, Кітай вырабляе значна больш тавараў (амаль на $ 1 трлн), чымся спажывае насельніцтва ў краіне. Часта гэтыя тавары вырабляюцца па цэнах, ніжэйшых за іх рэальны сабекошт праз унутраныя субсідыі і танныя крэдыты для абраных фірмаў.


Прыкладам гэтага ёсць сталь: яе лішкі Кітай можа перакіраваць у Вялікую Брытанію. Эканамісты падкрэсліваюць: «вельмі негатыўныя наступствы» шырокамаштабнай гандлёвай вайны паміж Кітаем і ЗША будуць адчувацца ўва ўсім
свеце.


Тэса Анэйда / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10