З пачатку сакавіка на сайце Вярхоўнага Суда Беларусі недаступны адзін з найважнейшых інфармацыйных раздзелаў – «Расклад судовых паседжанняў». Раней тут публікаваліся прозвішчы абвінавачваных, суддзяў і артыкулы, паводле якіх ішлі працэсы. Цяпер замест раскладу – кароткае паведамленне: «Сайт часова недаступны, вядуцца рэгламентныя працы». Але, як мяркуюць праваабаронцы, ніякіх працаў там няма – улады проста хаваюць рэпрэсіі.
Што знікла?
Акрамя раскладу, з сайту цалкам знік раздзел «Спецвядзенне» – ён быў асабліва важны для асобаў, супраць якіх распачаліся завочныя палітычныя справы. Там публікавалі не толькі інфармацыю пра суды над беларусамі за мяжою, але і тэксты выракаў.
Былы палітычны вязень і праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што гаворка не пра тэхнічныя працы, а свядомую стратэгію замоўчвання рэпрэсіяў:
«Мінуў ужо месяц. Калі б сапраўды хацелі – усё даўно аднавілі б. Але гэтага не зрабілі. Значыць, мэтанакіравана хаваюць інфармацыю, бо яна шкодзіць іміджу краіны», – пракаментаваў ён для радыё «Свабода».
Парушэнне права на інфармацыю
Звесткі аб судах былі адным з нешматлікіх афіцыйных інструментаў, каб пацвердзіць ці даведацца пра новыя справы, выракі, імёны абвінавачаных. Падчас масавых рэпрэсіяў гэта быў амаль адзіны шлях незалежна праверыць інфармацыю, што прыходзіла ад сваякоў ці сяброў затрыманых.
«Цяпер мы не маем магчымасці ні пацвердзіць факту затрымання, ні даведацца пра дату суда ці вырак. Гэта не проста нязручна, гэта наўмысна створаная безвыходнасць», – тлумачыць Судаленка.

Праваабаронца нагадвае: згодна з Канстытуцыяй, грамадзяне маюць права атрымліваць звесткі пра дзейнасць дзяржаўных органаў. Блакаванне сайту – адкрытае парушэнне гэтай нормы.
«Нам могуць казаць, што расклад вывешваюць у судах. Але ў эпоху інтэрнэту арыентавацца на дошкі аб'яваў – гэта з мінулага стагоддзя. Дзе дзяржава, якая можа адправіць беларусаў у космас, але не можа забяспечыць онлайн-доступу да раскладу судоў? Гэта абсурд», – кажа ён.
Пасля знікнення раздзелу «Спецвядзенне» асобы, супраць якіх распачатыя завочныя справы, не маюць ніякага доступу да звестак пра суд, што адбываецца без іх.
Нагадаем: сёння стала вядома, што на сайце МУСу зноў можна праверыць, ці не забаранілі вам выезду з Беларусі. Гэтая паслуга адсутнічала на сайце як мінімум тыдзень. МУС так і не патлумачыў, чаму адлучаў паслугу, а цяпер вярнуў яе.
Надзея Вольная / belsat.eu