У Берасцейскім раёне працягваецца расследаванне выбуху боепрыпасу, у выніку якога загінуў падлетак.
Паводле папярэдняй інфармацыі, хлопец знайшоў міну часу мінулай вайны ў высахлай сажалцы, недалёка ад дому. Ён прынёс яе на двор і спрабаваў разабраць. У выніку здарыўся выбух.
,,«Меркавана, боепрыпас знаходзіўся ў сажалцы з савецкага перыяду або часоў ВАВ. Канчатковыя высновы будуць зробленыя пасля правядзення экспертных даследаванняў», – паведамілі ў Следчым камітэце Беларусі.
Следства лічыць, што дэтанацыя адбылася ў момант, калі падлетак трымаў узрыўнік у руках.
Да справы далучаны эксперт-выбухатэхнік з цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў.
Тэрыторыю сажалкі следчыя ўжо абследавалі, іншых выбухованебяспечных прадметаў не выявілі.
Нагадаем, трагедыя адбылася 4 красавіка ў аграгарадку Страдзеч. На прысядзібнай тэрыторыі выбухнуў невядомы боепрыпас. Пацярпелі мужчына і двое ягоных унукаў – 14 і 15 гадоў. Адзін з падлеткаў загінуў. Пенсіянеру і другому хлопцу аказваюць тэрміновую медычную дапамогу.
Следства працягваецца ў межах заведзенай крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні выбуховых рэчываў»).
Раман Шавель belsat.eu