Кітай лічыць Тайвань часткаю сваёй тэрыторыі і праводзіць вакол вучэнні, Тайвань пастанавіў замовіць у ЗША новыя ракеты, самалёты і іншае ўзбраенне.
У аўторак кітайскія вайскоўцы аб'явілі аб правядзенні буйнамаштабных вучэнняў у водах вакол Тайваню, ізноў перасцерагаючы самакіравальны востраў ад імкнення да незалежнасці, паведамляе выданне Politico.
У вучэннях задзеяныя вайскова-марскія, паветрана-наземныя і ракетныя сілы, і яны маюць зрабіцца «сур'ёзным папярэджаннем і рашучым стрымліваннем незалежнасці Тайваню».
Міністэрства нацыянальнай абароны Тайваню заявіла, што за 24 гадзіны ў водах, якія атачаюць востраў, былі заўважаныя 19 кітайскіх вайсковых караблёў. У паведамленні таксама гаворыцца, што адсочваюць перамяшчэнне авіяносца «Шаньдун» з суботы, калі авіяносная група ўвайшла ў апазнавальную зону Тайваню.
«Я хачу сказаць, што гэтыя дзеянні наглядна адлюстроўваюць разбурэнне рэгіянальнага міру і стабільнасці», – заявіў міністр абароны Тайваню Ўэлінгтан Ку.
Паводле Ку, на Тайвані створаная цэнтральная група рэагавання для маніторынгу апошніх вучэнняў.
Берагавая ахова Кітаю таксама аб'явіла ў аўторак аб правядзенні «патрулявання праваахоўных органаў» вакол Тайваню, паведаміў яе прадстаўнік Чжу Ань Цінь.
Вучэнні прайшлі ўсяго праз два тыдні пасля буйнамаштабных вучэнняў у сярэдзіне сакавіка, калі Кітай скіраваў да вострава вялікую колькасць беспілотнікаў і караблёў.
Управа ў пытанні Тайваню КНР заявіла, што вучэнні былі скіраваныя супраць прэзідэнта Тайваню Лай Цін Дэ.
«Лай Цін Дэ ўпарта настойвае на пазіцыі «незалежнасці Тайваню», нахабна называючы мацярык «замежнаю варожаю сілай» і высунуўшы так званую стратэгію з 17 пунктаў ... якая распальвае антыкітайскія настроі», — казала ў заяве Управа ў пытанні Тайваню КНР у аўторак. — Мы не ўхвалім гэтага ніякім чынам і павінны рашуча супрацьстаяць ды сурова пакараць гэтыя дзеянні».
У сярэдзіне сакавіка тайваньскі прэм'ер-міністр Брэх прапанаваў стратэгію з 17 пунктаў, скіраваную на ўмацаванне нацыянальнай бяспекі Тайваню. У лік пунктаў уваходзіць дазвол разглядаць справы аб шпіянажы вайсковымі судамі і ўзмацненне жорсткасці іміграцыйных правілаў для грамадзянаў Кітаю, якія падаюць заявы на сталае месца жыхарства.
Пекін штодня пасылае да вострава вайсковыя самалёты і караблі, імкнучыся аслабіць абарону Тайваню, хоць пераважная бальшыня 23-мільённага насельніцтва вострава адхіляе яго дамаганні на суверэнітэт над Тайванем. За апошнія гады ён павялічыў маштаб і размах гэтых вучэнняў, ад адпраўкі толькі знішчальнікаў да самалётаў, беспілотнікаў і караблёў.
Сутыкнуўшыся з імавернаю пагрозаю з боку Кітаю, Тайвань замовіў у ЗША новыя ракеты, самалёты і іншае ўзбраенне, адначасова адраджаючы ўласную абаронную прамысловасць.
Нагадаем: Тайвань і Кітай падзяліліся ў выніку грамадзянскай вайны 76 гадоў таму, але за апошнія гады напружанасць узрасла, стасункі паміж двума ўрадамі спыніліся. Кітай лічыць Тайвань часткаю сваёй тэрыторыі, якую можа ўзяць пад кантроль сілаю, калі гэта неабходна, у той час як бальшыня тайванцаў выступаюць за яго фактычную незалежнасць і дэмакратычны статус.
Тэса Анэйда / belsat.eu