Геймеры з Казахстана стварылі відэа ў стылі гульні «Hearts of Iron 4» пад назвай «Post-Lukashenko». У ім расказваецца, што будзе з Беларуссю пасля кіравання Лукашэнкі.
Раней гэтыя ж геймеры выпускалі аналагічнае відэа, у якім канструявалі рэальнасць пасля прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева.
Пра з’яўленне відэа напісала на сваёй старонцы ў Facebook праваабаронца Яўгенія Доўгая.
,,«У гульні з’яўляюцца перанажы, якія ўяўляюць розных палітычных дзеячоў, ОСТ [Офіс Святланы Ціханоўскай. – Заўв. рэд.], палітзняволенага Ігара Аліневіча, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца і палітвязынку Алану Гебрэмарыям», – напісала Яўгенія Доўгая.
Сапраўды, у відэа пад выглядам розных гульнявых персанажаў можна ўбачыць рэальных палітычных гульцоў беларускай палітыкі: пачынаючы ад чыноўнікаў (Юрыя Караева, Наталлі Качанавай, Віктара Лукашэнкі і інш.) і заканчваючы прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў, палітычных рухаў, партый, беларускімі добраахвотнікамі (Святланы Ціханоўскай, Зянона Пазняка, Станіслава Шушкевіча, Рыгора Кастусёва, Эдуарда Лобава і шматлікіх іншых).
![Кадр з фільма. Апісанні персанажаў падаюцца нібыта праз паведамленні ў СМІ. У некаторых выпадках выкарыстоўваецца лагатып «Белсату». Фота: скрыншот з відэа [TNO/OTL] Custom Super Events Belarus | Post-Lukashenko](https://s5.tvp.pl/images2/e/3/e/uid_e3e8bb55bc984a5c8aaca4b97f5e5839_width_1025_play_0_pos_0_gs_0_height_0.png)
У відэа можна ўбачыць шмат кадраў з пратэстаў 2020 года, у якасці музычнага суправаджэння выкарыстоўваюцца песні беларускіх гуртоў, а таксама беларускія гімны: «Стары Ольса», «Молчат Дома», «Магутны Божа» і г.д.
Апісанні да гульні і персанажаў стылізаваныя пад гульню, але ў цэлым перадаюць асноўныя праблемы, з якімі сутыкнулася нашая краіна падчас кіравання Аляксандра Лукашэнкі.
«Hearts of Iron 4» – кампутарная гульня ў жанры стратэгіі, распрацаваная шведскай студыяй «Paradox Development Studio». Гульня факусуецца на Другой сусветнай вайне, гулец можа ўзяць пад сваё кіраванне любую дзяржаву на Зямлі і прывесці яе да перамогі ці паразы ў вайне супраць іншых дзяржаў.
Раман Шавель belsat.eu