Сталася вядома, якая падзея праходзіла ў рэстаране ў Крывым Розе, па якім ударыла расейская балістычная ракета.
Як удалося высветліць расследвальніцкаму праекту «Система», 4 красавіка расейскія войскі нанеслі ўдар па рэстаране ў Крывым Розе, дзе ў гэты час праходзілі грамадзянскія падзеі.
Журналісты даведаліся, што ў будынку адбываўся форум працаўнікоў б'юці-індустрыі, а таксама святкаваўся дзень нараджэння аднаго з наведвальнікаў.
Паводле відэа з месца падзеяў, журналісты ідэнтыфікавалі рэстаран як «RoseMarine» (раней – «Магеллан»), што пазначаецца і ў расейскіх тэлеграм-каналах, якія апраўдваюць удар.
У дзень атакі ўстанова прымала Beauty Business Forum «Golden Snitch», арганізаваны Саюзам бізнесу Крывога Рогу. Падзея анансавалася яшчэ 24 лютага ў гарадскіх каналах. Прадстаўнік саюзу паведаміў, што форум доўжыўся каля чатырох гадзінаў і большасць удзельнікаў паспелі раз'ехацца да таго, як адбыўся ўдар.
Апроч гэтага, у той жа час у рэстаране адзначалі дзень нараджэння, на якім прысутнічалі маладыя людзі і дзеці.
Нагадаем, позна ўвечары 4 красавіка расейскія войскі двойчы за дзень атакавалі ўкраінскі Крывы Рог.
Першы ўдар адбыўся каля 19-й гадзіны 4 красавіка: балістычныя ракеты трапілі ў жылы раён, побач з дзіцячай пляцоўкаю. Загінулі 18 чалавек, з іх дзевяць – дзеці.
Міністэрства абароны Расеі пацвердзіла ракетны ўдар, але сцвярджае, што ён быў нанесены «па месцы правядзення нарады з камандзірамі злучэнняў і заходнімі інструктарамі ў адным з рэстаранаў Крывога Рогу».
Генштаб ЗСУ назваў гэтую заяву хлуснёй і зазначыў, што ракета «Іскандэр-М» трапіла ў «жылы масіў і дзіцячую пляцоўку».
Агулам у выніку атак загінулі 19 чалавек. Пацярпелі 68 чалавек, у тым ліку трохмесячнае немаўля.
Раман Шавель belsat.eu