навіны

Вадалазам не ўдалося дабрацца да машыны з амерыканскімі вайскоўцамі, якія зніклі ў Літве

Ратаўнічыя працы для пошуку зніклых амерыканскіх вайскоўцаў. Фота: Delfi
Ратаўнічыя працы для пошуку зніклых амерыканскіх вайскоўцаў. Фота: Delfi
podpis źródła zdjęcia

З’явіліся новыя падрабязнасці ў пошукава-выратавальнай аперацыі амерыканскіх вайскоўцаў, якія зніклі ў Літве на палігоне ў Пабрадзе.

Позна ўвечары ў суботу, 29 сакавіка, вадалазы Вайскова-марскіх сілаў ЗША ўпершыню апусціліся пад ваду, але не змаглі дабрацца да затанулай бронемашыны. Пра гэта паведамляе LRT са спасылкай на Facebook-акаўнт Узброеных сілаў ЗША ў Еўропе і Афрыцы.

«Мяркуецца, што яна [машына] на глыбіні каля чатырох метраў і пакрытая двухметровым пластом глею», – адзначана ў паведамленні.

Раніцай у нядзелю міністарка нацыянальнай абароны Літвы Довіле Шакаліене заявіла, што працы вяліся ўсю ноч, але не мелі плёну.

«Кіраўнік аперацыі толькі што паведаміў мне, што на месца, дзе стаіць бронемашына, абрынуўся вялікі кавалак глебы. Спадзяюся, што засталося зусім крыху і вадалазы змогуць дабрацца да гэтага месца», – сказала Шакаліене.

Раней літоўская армія паведаміла, што ўжо падрыхтаваныя кабелі для падлучэння абсталявання, а экскаватар рыхтуе шлях для земснараду, які створыць умовы для працы вадалазаў. Да аперацыі далучыліся амерыканскія спецыялісты з Іспаніі, паведамляе «Delfi».

Міністарка абароны Літвы Довіле Шакаліене адзначала, што сітуацыя застаецца вельмі складанай. З ейных словаў, у працы задзеяныя два земснарады, якія з максімальнай асцярожнасцю выдаляюць асадак, бо невядома, у машыне вайскоўцы – ці па-за ёй.

Яна таксама адзначыла, што некаторыя сістэмы немагчыма выкарыстоўваць праз рызыку для вайскоўцаў. Глыбіня балота дасягае 15 метраў, і ў працэсе выяўляюцца новыя цяжкасці.

«Мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі шмат што даводзіцца рабіць упершыню, асабліва ў такой складанай мясцовасці», – сказала міністарка.

Нагадаем, што 25 сакавіка чацвёра вайскоўцаў ЗША зніклі без вестак у Літве каля Пабрадзе падчас вучэнняў. Спачатку паведамлялася пра траіх зніклых, але пазней Штаб сілаў ЗША ў Еўропе і Афрыцы пацвердзіў, што зніклі чацвёра вайскоўцаў 1-й брыгады 3-й пяхотнай дывізіі разам з аўтамабілем.

Увечары 26 сакавіка на палігоне ў Пабрадзе знайшлі гусенічную браняваную рамонтна-эвакуацыйную машыну «M88 Hercules», якою падчас вучэнняў ехалі зніклыя амерыканскія вайскоўцы, паведамляе «Delfi» са спасылкаю на армію ЗША.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10