Напярэдадні Дня Волі, 21 сакавіка 2025 года, Аб’яднаны пераходны кабінет пастанавіў уручыць шэраг узнагародаў асобам, якія сваёй дзейнасцю зрабілі значны ўнёсак у развіццё Беларусі.
Адпаведную пастанову падпісала беларуская дэмакратычная лідарка, кіраўніца Кабінету Святлана Ціханоўская, паведамляецца ў тэлеграм-канале АПК.
Крыж Адраджэння Беларусі (братоў Луцкевічаў) за шматгадовую працу і адданасць нацыянальнаму адраджэнню атрымлівае Сяргей Дубавец, вядомы беларускі журналіст, пісьменнік, выдавец і грамадскі дзеяч.
Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ўганараваныя асобы, якія дасягнулі значных поспехаў у сваёй прафесійнай і грамадскай дзейнасці:
- Віціс Юрконіс – літоўскі палітолаг, кіраўнік літоўскага офісу «Freedom House»;
- Павел Казанецкі – польскі палітолаг і праваабаронца;
- Зміцер Лукашук – беларускі журналіст і радыёвядоўца;
- Павел Лібер – IT-эксперт і заснавальнік грамадскіх ініцыятываў у сферы лічбавых тэхналогіяў.
Медаль Францыска Скарыны за выдатныя дасягненні ў культуры атрымлівае
Лявон Вольскі – вядомы беларускі музыка, літаратар, мастак і грамадскі дзеяч.
Медаль Няскораных (Ларысы Геніюш) за стойкасць і прынцыповасць, праяўленыя падчас зняволення, прысуджаны Ксеніі Луцкіной – беларускай журналістцы, якая раней працавала на Белтэлерадыёкампаніі.
Медаль «Гонар і годнасць» за рызыку жыццём у змаганні за свабоду, нацыянальныя каштоўнасці і правы чалавека атрымаў Аляксандр Варапаеў – юрыст, палкоўнік юстыцыі ў адстаўцы.
Неўзабаве будзе арганізаваная ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў.
Гэтыя ўзнагароды сталіся сімвалам прызнання тых, хто аддана працуе дзеля адраджэння Беларусі, абароны дэмакратычных каштоўнасцяў і развіцця нацыянальнай культуры.
Раман Шавель belsat.eu