«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў у дачыненні беларусаў, як унутры краіны, гэтак і за межамі, за тое, што яны не падтрымліваюць палітыку дзейных уладаў.
23 сакавіка на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся паказ рок-оперы «Распятае юнацтва» ў выкананні тэатру з самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі. Пасля выступлення адная з прысутных у зале жанчын выкрыкнула «Слава Украіне!». Пра гэта паведаміла прапагандыстка Ксенія Лебедзева. Яна таксама апублікавала фотаздымак жанчыны. Верагодна, тая затрыманая.
Гарадзенскага блогера, былога палітвязня Вадзіма Ермашука ў Беларусі абвясцілі ў вышук. Фотаздымак мужчыны з'явіўся на інфармацыйнай дошцы каля аднаго з аддзяленняў міліцыі. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1,2 арт. 361-4 («Судзеянне экстрэмісцкай дзейнасці»), арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»), арт. 391 («Знявага суддзі») Крымінальнага кодэксу.
«BYPOL» са спасылкаю на сваю крыніцу паведамляе, што сілавыя структуры Беларусі стварылі «асаблівыя групы» дыверсантаў, якія складаюцца з працаўнікоў КДБ Беларусі, для супрацьстаяння дэмакратычным сілам Беларусі. Як адзначаецца, «спячыя агенты» ўжо прысутнічаюць у Еўропе, але не праяўляюць актыўнасці да асаблівага распараджэння. У іхныя абавязкі ўваходзіць назіранне за дзейнасцю дзяржаўных установаў Еўразвязу, прыватных карпарацыяў і міжнародных фондаў, што фінансуюць дэмакратычныя сілы, а таксама магчымае правядзенне «спецаперацыяў», у тым ліку выкрадання і ліквідацыі ўплывовых апазіцыянераў.
У Беларусі 25 сакавіка рыхтуюцца абмежаванні працы інтэрнэту і руху транспарту. Відаць, гэта прымеркавана да Дня Волі і прызначанай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Беларускія сайты «паводле распараджэння рэгулятара» будуць недасяжныя з-за мяжы з 19:00 24 сакавіка і да 23:59 25 сакавіка. А ў ДАІ Менску заявілі, што 25 сакавіка з 11:00 да 13:30 «у сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў у цэнтральнай частцы гораду на асобных участках праспекту Незалежнасці і праспекту Пераможцаў будзе ўводзіцца кароткачасовае абмежаванне руху ўсіх відаў транспарту, у тым ліку грамадскага».
У Горадні з 24 сакавіка Генеральнае консульства Расеі прымае наведнікаў на новым адрасе – у будынку, што належаў раней ліквідаванай уладамі ў 2022 годзе арганізацыі польскай меншасці «Польска Мацеж Школьна», якая існавала з 1995 года. Тут раней быў грамадскі ліцэй імя Элізы Ажэшкі, дзе вывучалі польскую мову, гісторыю і культуру, працавалі бібліятэка, універсітэт трэцяга веку, жаночы клуб «Граднянка» ды іншыя адукацыйныя і культурныя ініцыятывы.
Суд Браслаўскага раёну 20 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-канал «ХЗ.ХалезинЗнает» журналіста і сцэнарыста Мікалая Халезіна, мастацкага кіраўніка «Свабоднага тэатру». У Беларусі аўтара абвясцілі ў вышук.
Якуб Хруст belsat.eu