навіны

Суд над «японскім шпіёнам» і новыя «экстрэмісцкія матэрыялы»

Грамадзянін Японіі Наканісі Масатосі, якога абвінавачваюць у шпіянажы. Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram
Грамадзянін Японіі Наканісі Масатосі, якога абвінавачваюць у шпіянажы. Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» працягвае апісваць рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі. Прадстаўляем вам хроніку рэпрэсій за 10 сакавіка. 

Бізнэсмена Віталя Пятрэнку, нарадзінца Гарадзеншчыны, пачалі судзіць па абвінавачаннях у «паклёпе на Лукашэнку» і «распальванні варожасці». Яго затрымалі ў верасні 2024 года. Судовы працэс пачаўся 10 сакавіка ў Гарадзенскім абласным судзе – вядзе справу суддзя Мікалай Рачынскі.

Былыя палітзняволеная ўкраінка Наталля Захаранка, якой раней прысудзілі 9 гадоў калоніі, адрэагавала на намер уладаў Беларусі прадаць яе канфіскаваны аўтамабіль. Яна заявіла, што машына належыць яе маці і не фігуравала ў крымінальнай справе, а кіравала яна машынай паводле даверанасці. Тым не менш аўтамабіль забралі нібыта для пагашэння штрафу, прызначанага Наталлі судом.

У Беларусі працягваюць судзіць грамадзяніна Японіі Наканісі Масатосі, які абвінавачваецца ў «агентурнай дзейнасці» паводле арт. 358-1 КК Беларусі. Працэс праходзіць у Менскім гарадскім судзе. Мужчыну затрымалі ў ліпені 2024 года, а судовы працэс пачаўся 10 студзеня 2025 года ў закрытым рэжыме. Наканісі Масатосі пагражае да 7 гадоў калоніі за нібыта перадачу разведвальнай інфармацыі вайсковага характару японскай спецслужбе. Суддзёй па справе з'яўляецца Анжэла Касцюкевіч.

Суд Цэнтральнага раёна горада Менска 6 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі» тры кнігі пра партызанскую дзейнасць, у тым ліку «Кроў i попел Дражна: гiсторыі партызанскага злачынства»» і «Советские партизаны: Мифы и реальность». Акрамя таго, у спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў уключылі Telegram-бот «Digital Intelligence Team [bot]», суполку ў «Аднакласніках» «✔️Светлана Тихановская™ ツ» і матэрыялы з інтэрнэт-рэсурсу ganc-chas.com.

У Баранавічах адбылося судовае разбіральніцтва над Іллём Семаком, якога абвінавацілі ў трох эпізодах. У лістападзе 2024 года ён сарваў беларускі дзяржаўны сцяг з будынка крамы і прайшоў з ім па вуліцах горада, што стала галоўным пунктам абвінавачання. Тады ж яму інкрымінавалі спробу скрасці штаны з крамы. Раней, у кастрычніку 2024 года, Сямак пашкодзіў светлавую шыльду рэстарана, кінуўшы ў яе шкляную бутэльку. У выніку суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Разгляд справы адбыўся 6–7 сакавіка 2025 года.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10