З самай раніцы 10 сакавіка жыхары Менску заўважылі лёгкі смог і скардзяцца на дзіўны пах гарэлага. Прычыну патлумачылі ў Белгідрамеце.
Апошнімі днямі ў горадзе фіксуецца канцэнтрацыя дробных пылавых часцінак, што перавышае норму: 7 і 8 сакавіка – у 1,3 разу, 9 сакавіка – у 1,4 разу. Пра гэта паведамілі ў Белгідрамеце выданню, якое прасіла не згадваць яго назвы.
Спецыялісты тлумачаць, што прычынаю пагаршэння якасці паветра стала сухое, бязветранае надвор’е, якое захоўваецца з пачатку сакавіка. Распаўсюджванню пылу перашкаджае тэмпературная інверсія – з’ява, калі цёплы пласт паветра «накрывае» халоднае паветра, не даючы забруджэнням падняцца ўверх і рассейвацца.
Паводле МНС, да пагаршэння паветра маглі спрычыніцца пажары. Хаця ў самім Менску пажараў няма, за межамі гораду сітуацыя цяжкая. У Пухавіцкім, Смалявіцкім і Салігорскім раёнах зафіксаваныя выпадкі гарэння травы і кустоўя, а ў Салігорскім раёне гарыць тарфянік, дым ад якога можа даходзіць да сталіцы. За апошнія содні ратавальнікі ліквідавалі 18 лясных, 10 тарфяных і 245 травяных пажараў.
Прычынаю большасці пажараў застаецца людскі фактар: неасцярожнае абыходжанне з агнём або спальванне сухой расліннасці. У МНС падкрэсліваюць, што ў сухое і ветранае надвор’е полымя распаўсюджваецца вельмі хутка і самастойна з ім справіцца немагчыма.
Чакаецца, што сітуацыя з паветрам у Менску палепшыцца пасля дажджоў, якіх чакаюць найбліжэйшымі соднямі.
Раман Шавель belsat.eu