навіны

Пакуль дарадца адышоў: як Трампа пераканалі прыпыніць дзеянне мытаў

Скот Бэсэнт, Доналд Трамп і Гаўард Лутнік. Фота: White House/ Keystone Press Agency/www.globallookpress.com
Скот Бэсэнт, Доналд Трамп і Гаўард Лутнік. Фота: White House/ Keystone Press Agency/www.globallookpress.com
podpis źródła zdjęcia

Сталася вядома, пасля якога выпадку Доналд Трамп абвясціў 90-дзённае адтэрмінаванне на ўвядзенне гандлёвых мытаў для 75 краінаў. На гэта здолелі паўплываць амерыканскія міністры. І гэта для іх аказалася вельмі няпростай задачаю.

Як паведамляе «The Wall Street Journal», прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пастанавіў прыпыніць увядзенне шырокамаштабных імпартных мытаў пасля таго, як міністры фінансаў і гандлю Скот Бэсэнт і Гаўвард Латнік здолелі пераканаць яго падчас кароткага моманту, калі галоўны праціўнік гэтай ідэі, гандлёвы дарадца амерыканскага прэзідэнта Пітэр Навара, быў адсутны.

Паводле крыніцаў, Навара, які актыўна падтрымліваў мыты, увесь час трымаўся побач з Авальным кабінетам і перашкаджаў іншым прадстаўнікам адміністрацыі дайсці да прэзідэнта. Але 9 красавіка, калі ў Навары была прызначаная сустрэча ў іншай частцы Белага дому, Бэсэнт і Латнік скарысталіся момантам, каб правесці непланаваны дыялог з Трампам. У выніку гутаркі прэзідэнт пастанавіў даць 90-дзённае адтэрмінаванне на новыя мыты для 75 краінаў, у тым ліку краінаў ЕЗ.

Міністры заставаліся з Трампам, пакуль той не апублікаваў адпаведную заяву ў Truth Social, пасля чаго Бэсэнт і прэс-сакратар Кэралайн Лэвіт выступілі перад журналістамі.

У той жа час прадстаўнікі Бэсэнта і Латніка адмовіліся беспасярэдне пацвярджаць версію WSJ, запэўніўшы, што каманда прэзідэнта дзейнічае згуртавана. Сам Навара адкінуў паведамленні як «чарговы фэйк» і спробу раскалоць гандлёвую каманду.

Нагадаем, што ў пачатку красавіка Доналд Трамп рэзка павысіў імпартныя мыты на тавары з 185 краінаў, у тым ліку з найбліжэйшых хаўруснікаў ЗША. Стаўкі дасягнулі 20–30 % ад іх мытнага кошту. Аднак неўзабаве прэзідэнт абвясціў пра 90-дзённую паўзу для ўвядзення пошлінаў у дачыненні да 75 краінаў, сярод якіх і дзяржавы Еўразвязу.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10