Паводле новай штогадовай справаздачы Стакгольмскага міжнароднага інстытуту даследавання праблемаў міру (SIPRI), Беларусь выбыла са спісу 25 найбуйнейшых сусветных экспарцёраў узбраення.
Калі ў мінулым годзе SIPRI ацэньваў долю Беларусі ў сусветным экспарце зброі на ўзроўні 0,2 % (паводле звестак за 2019–2023 гады), то сёлета, паводле справаздачы за 2020–2024 гады, краіны ў гэтым рэйтынгу больш няма, паведамляе выданне «Reform.news». Пры гэтым Беларусь згадваецца толькі адзін раз – у кантэксце паставак з Расеі.
Згодна са звесткамі інстытуту, 74 % расейскага экспарту зброі ў 2020–2024 гадах накіроўвалася ў краіны Азіі і Акіяніі, 12 % – у Афрыку, 7,4 % – у Еўропу (у тым ліку ў Беларусь, Арменію і Сербію), 6,4 % – на Блізкі Усход. Асноўнымі імпарцёрамі расейскай зброі за гэты перыяд сталі Індыя (38 %), Кітай (17 %) і Казахстан (11 %).
У гэты ж час, адзначае выданне, Беларусь атрымала значную колькасць расейскага ўзбраення. Паведамлялася, што на тэрыторыі краіны з’явіліся зенітна-ракетныя комплексы С-400, аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», верталёты Мі-35, знішчальнікі Су-30 ды іншая тэхніка.
Сярод найбуйнейшых сусветных экспарцёраў зброі за 2020–2024 гады SIPRI называе ЗША (43 % сусветнага рынку), Францыю (9,6 %) і Расею (7,8 %). Галоўнымі імпарцёрамі за гэты ж перыяд сталі Украіна (8,8 %), Індыя (8,3 %) і Катар (6,8 %).
У справаздачы адзначаецца, што аб’ёмы паставак зброі ў свеце ў 2020–2024 гадах засталіся прыкладна на тым жа ўзроўні, што і ў 2015–2019 і 2010–2014 гадах. Рост імпарту ў Еўропе і Амерыцы быў кампенсаваны зніжэннем у іншых рэгіёнах, але агульны аб’ём экспарту на 18 % перавысіў паказнікі 2005–2009 гадоў.
Асобна падкрэсліваецца, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе як мінімум 35 дзяржаваў пастаўлялі ўзбраенне ўкраінскаму боку. Найбуйнейшымі пастаўляльнікамі зброі для Украіны сталі ЗША (45 % паставак), Нямеччына (12 %) і Польшча (11 %).
Таксама адзначаецца, што доля ЗША ў пастаўках зброі еўрапейскім краінам NATO расце, як і агульны аб’ём закупак узбраенняў у гэтым рэгіёне.
На фоне гэтых тэндэнцыяў экспарт зброі з Расеі за перыяд з 2015–2019 гадоў да 2020–2024 гадоў скараціўся на 64 %. Асабліва прыкметным гэты спад стаў яшчэ да ўварвання ва Украіну – у 2020 і 2021 гадах аб’ёмы расейскага экспарту былі найніжэйшымі за апошнія два дзесяцігоддзі.
Раман Шавель belsat.eu