навіны

Адміністрацыя Трампа абмежавала ўжыванне больш як 200 словаў у дакументах

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ru.usembassy.gov
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ru.usembassy.gov
podpis źródła zdjęcia

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Доналда Трампа імкнецца абмежаваць ужыванне больш чым 200 тэрмінаў у афіцыйных дакументах і на дзяржаўных сайтах. Пад гэтыя абмежаванні трапілі такія словы, як «гендар», «роўнасць», «дыскрымінацыя» ды іншыя сацыяльна значныя паняцці.

Журналісты «The New York Times» прааналізавалі ўрадавыя дакументы і як афіцыйныя, так і неафіцыйныя інструкцыі, што рэгламентавалі змену або выдаленне пэўных фармулёвак у дзяржаўных тэкстах. У некаторых выпадках чыноўнікам рэкамендавалі выказвацца больш асцярожна, не ўводзячы адкрытай забароны на выкарыстанне гэтых тэрмінаў.

Паводле NYT, у спіс непажаданых або забароненых словаў увайшлі такія, як «актывісты», «антырасізм», «прыналежнасць», «кармленне грудзьмі», «кліматычны крызіс», «разнастайнасць», «інваліднасць», «дыскрымінацыя», «роўнасць», «фемінізм», «гендар», «імігранты», «ЛГБТ», «псіхічнае здароўе», «меншасці», «прыгнёт», «арыентацыя», «цяжарныя», «расавая справядлівасць», «расізм», «секс», «трансгендар» і «ахвяры».

Спіс забароненых словаў. Фота: The New York Times
Спіс забароненых словаў. Фота: The New York Times

Журналісты мяркуюць, што гэты пералік можа быць няпоўным, бо існуюць іншыя службовыя лісты з дадатковымі абмежаваннямі. У некаторых выпадках тэрміны былі забароненыя ў канкрэтным кантэксце. Напрыклад, згадванне трансгендарных людзей прызнавалася «несумяшчальным з пазіцыяй ураду».

Спіс забароненых словаў (працяг). Фота: The New York Times
Спіс забароненых словаў (працяг). Фота: The New York Times

У артыкуле падкрэсліваецца, што кожная адміністрацыя прэзідэнта ЗША карэктуе стыль афіцыйнай камунікацыі, каб ён адпавядаў палітычным прыярытэтам. Аднак такі шырокі пералік абмежаваных тэрмінаў сведчыць пра «знакавы і прыкметны зрух» у моўнай палітыцы, якую выкарыстоўваюць як на ўзроўні федэральнага ўраду, так і сярод яго працаўнікоў.

На думку NYT, гэтае моўнае рэгуляванне дакладна адлюстроўвае прыярытэты адміністрацыі Трампа. Раней прэзідэнт неаднаразова заяўляў, што канцэпцыі разнастайнасці і роўнасці «супярэчаць заслугам чалавека» і нібыта прыводзяць да «прасоўвання некампетэнтных і недастойных асобаў». Журналісты мяркуюць, што такая пазіцыя сведчыць пра дыскрымінацыю на падставе полу, расы, а таксама іншых прыкметаў.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10