Амерыканскі мільярдэр заявіў, што ягоная сістэма «Starlink» ёсць апорай украінскай арміі і калі ён яе адлучыць, то ўся ўкраінская лінія фронту абрынецца.
Ілан Маск таксама кажа, што праз Украіну ён фактычна кінуў персанальны выклік Пуціну.
,,«Я літаральна кінуў выклік Пуціну на фізічны двубой сам-насам за Украіну, а мая сістэма «Starlink» – гэта апора ўкраінскай арміі. Уся лінія фронту абрынецца, калі я яе адлучу. Ад чаго мяне ванітуе – дык гэта ад шматлікіх гадоў забойстваў у тупіку, дзе Украіна няўхільна прайграе. Кожны, хто сапраўды клапоціцца, сапраўды думае і сапраўды разумее, хоча спыніць гэтую мясарубку. Мір проста цяпер!» – напісаў Маск у сваёй сацсетцы Х.
Нагадаем, што ў канцы лютага ўлады ЗША прыгразілі Украіне адлучэннем спадарожнікавага інтэрнэту «Starlink», калі не будзе пагаднення наконт рэдказямельных металаў. Пра гэта напісала выданне «Reuters» са спасылкаю на ўласныя крыніцы. Пагроза прагучала падчас перамоваў у Кіеве 20 лютага паміж Уладзімірам Зяленскім і адмысловым спавяшчальнікам ЗША Кітам Келагам. У выніку ўгода не была падпісаная праз спрэчку ў Авальнай зале Белага дому паміж Уладзімірам Зяленскім і Доналдам Трампам 28 лютага.
Сам Ілан Маск аспрэчыў заявы «Reuters», назваўшы гэтую інфармацыю хлуснёй.
Пасля пачатку расейскага ўварвання Ілан Маск перадаў Украіне тысячы тэрміналаў «Starlink» для аднаўлення знішчанай сувязі. Спачатку яго разглядалі як героя, але восенню 2022 года ён абмежаваў доступ да сістэмы, што выклікала крытычнае стаўленне. Эксперты адзначаюць, што «Starlink» мае ключавую ролю ў кіраванні беспілотнікамі Збройных сілаў Украіны і страта доступу да гэтай сістэмы нанесла б сур'ёзны ўдар. На сённяшні дзень ва Украіне выкарыстоўваецца каля 40 тысячаў тэрміналаў «Starlink».
У той жа час вядома, што Еўропа займаецца цяпер пошукам альтэрнатывы сістэме «Starlink» для Украіны, у сувязі з чым вядзе перамовы з чатырма еўрапейскімі кампаніямі. Адзначаецца, што зрабіць гэта будзе няпроста, бо тэрміналы сістэмы «Starlink» назапашваліся гадамі.
Раман Шавель belsat.eu