навіны

«Дыктатараў не хвалююць мірныя жыхары». Чаму Расея атакавала ЧАЭС

Пашкоджанне саркафагу ў выніку ўдару расейскага дрона.
Пашкоджанне саркафагу ў выніку ўдару расейскага дрона. Фота: IAEA - International Atomic Energy Agency / Х
podpis źródła zdjęcia

Дрон ударыў у саркафаг Чарнобыльскай АЭС. Каля 2:00 расейскі беспілотнік прабіў дах аркі над чацвёртым энергаблокам.


«Вядома, усё бывае падчас вайны. Але важна, што дрон ішоў на такой вышыні, дзе радары ня бачылі. І ўдар быў менавіта ў саркафаг, у дзень пачатку Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы. Удар у найбольш небяспечны аб'ект у Еўропе», – адзначае прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Служба бяспекі Украіны паказала здымкі абломкаў дрона. Гэта расейская «Герань-2» тыпу «Шагэд», з фугаснаю баявою часткаю.

«Яны ўдарылі ў той канец аркі, што на адлегласці ад найбольш небяспечнай часткі, дзе старая канструкцыя «Укрыццё» і высокарадыеактыўныя паліўныя масы з узроўнем радыяцыі 2000 рэнтген за гадзіну. Калі б яны ўдарылі туды КАБ-500, то пыл ад выбуху апынуўся б у паветры, і яго б панесла на тэрыторыю Беларусі і Расеі», – патлумачыла «Белсату» Вольга Кашарная, сузаснавальніца грамадскай арганізацыі «Антыкрызісны экспертны ядравы цэнтр Украіны».

Паводле Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў Украіны, радыяцыйны фон пасля атакі на ЧАЭС застаецца ў норме.

«Сурʼёзных наступстваў гэта мець не будзе, бо да сярэдзіны, да самога рэактара, да ўкрыцця 1986 года, на шчасце, нічога не даляцела. Але гэта, безумоўна, як пудзіла», – зазначае радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб.

Прэс-сакратарка МЗС краіны-агрэсаркі Марыя Захарава традыцыйна абвінаваціла ўва ўсім Украіну і зноў загаварыла пра «кіеўскі рэжым», які «прытрымліваецца ядравага тэрарызму, і гэтым разам ён і яму падрыхтавалі вось такую правакацыю».


Святлана Ціханоўская
ў адмысловай заяве асудзіла расейскую атаку на Чарнобыль:

«Дыктатараў не хвалююць мірныя жыхары. У гэтую нядзелю расейскі «Шагэд» цудам не ўляцеў у жылы дом у Хойніках. Сённяшняя атака магла стаць яшчэ адной страшнай трагедыяй у гісторыі нашага рэгіёну, наступствы якой пагражалі б не толькі нам, але і нашым дзецям і ўнукам».


Вайсковы аналітык з Украіны Дмытро Снегіроў не мае сумневаў: траплянне ў саркафаг – агрэсіўны сігнал Масквы ўсяму заходняму свету:

«Фінансавалі гэтае будаўніцтва за кошт інвестыцыяў з боку заходніх краінаў, у тым ліку Злучаных Штатаў. Таму Расейская Федэрацыя не выпадкова абрала чарнобыльскі саркафаг як абʼект атакі свайго дрона».


Гэтым разам усё абышлося, але расейскі ядравы шантаж можа скончыцца трагедыяй, зазначае радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб:


«Больш небяспечныя не пралёты дронаў над самой ЧАЭС, а пралёты дронаў над сухім сховішчам адпрацаванага ядравага паліва, што прыблізна за 20 кіламетраў ад ЧАЭС. І калі яны пачнуць абстрэльваць яго, і дроны пачнуць скіроўвацца туды, гэта можа прывесці да намацальнай экалагічнай катастрофы».

Паводле вайсковага аналітыка Дмытра Снегірова, каб пазбегчы такога сцэнара, Захаду варта мацней палітычна націснуць на Маскву.



Вітаўт Сіўчык belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10