навіны

Ашуканцы прадаюць «памілаванне» блізкім палітвязняў за $ 5 тысяч

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Некалькі сваякоў палітвязняў сталі ахвярамі махляроў, якія прыдумалі чарговую схему. Яны прадстаўляюцца блізкімі да ўладаў і бяруць грошы нібыта за памілаванне палітвязняў. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы «MAYDAY.TEAM».

Ашуканцы сцвярджаюць, што з дапамогай сваіх сувязяў ва ўладзе вырашаць пытанне з памілаваннем за два месяцы. Каб іх гісторыя працавала лепш, зламыснікі падмацоўваюць свае апавяданні навінамі з дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

«Некаторыя матэрыялы з сайтаў, прызнаных нібыта "экстрэмісцкімі" яны спецыяльна адкрыта посцяць, каб паказаць, што ім усё сыдзе з рук.

Зламыснікі сцвярджаюць, што пытанне памілаванняў пастаўлена нібыта на паток, а кошт пытання – 5000 долараў ЗША. Пры гэтым гаворка нібыта ідзе не толькі пра палітычныя артыкулы. Задатак у дзве тысячы бярэцца адразу, а пасля "памілухі" трэба будзе перадаць яшчэ тры тысячы. Ашуканцы добра валодаюць юрыдычнай мовай і нават распавядаюць цалкам алгарытм, як менавіта робіцца памілаванне. Аднак пасля атрымання задатку яны знікаюць», – піша «MAYDAY.TEAM».

Уліковыя запісы, з якіх пісалі ахвярам. Фота: «MAYDAY.TEAM»
Уліковыя запісы, з якіх пісалі ахвярам. Фота: «MAYDAY.TEAM»

Гэта не першы раз, калі рэпрэсіі выкарыстоўваюцца ашуканцамі як яшчэ адзін спосаб падмануць людзей.

Былі зафіксаваныя выпадкі, калі ашуканцы прадстаўляліся сілавікамі, пагражалі людзям, а потым прапаноўвалі адкупіцца. Пры гэтым не толькі тэлефанавалі, але і прыходзілі да ахвяраў дадому.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10