навіны

Мяжа на замку, але для кантрабанды і «шагэдаў» гэта не перашкода

Плот на польска-беларускай мяжы. Фота: wyborcza.pl
Плот на польска-беларускай мяжы. Фота: wyborcza.pl
podpis źródła zdjęcia

У чацвер, 30 студзеня, Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі сілавых ведамстваў. Абмяркоўвалі ахову беларускай мяжы, падчас чаго палітык прызнаў, што адныя памежнікі запэўніць бяспекі не могуць. 

«Найважнейшы варыянт – той, каб яны нас у час папярэдзілі пра пагрозы. Іншыя таксама тым займаюцца, але найперш гэта задача памежнікаў нашых», – патлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Выглядае на тое, што сустрэча была нядоўгаю. Пасля кароткай прамовы Лукашэнка паслухаў даклады, якіх прэсавая служба не паказала, а пасля падпісаў мапу з пастановаю аб ахове мяжы на гэты год і пакінуў залу.

«Калі што, званіце, але не расслабляйцеся», – папярэдзіў Лукашэнка.

Брыфінг для дзяржаўных медыяў зладзіў кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Канстанцін Моластаў. Ён традыцыйна назваў сітуацыю на межах складанаю і абвінаваціў заходніх суседзяў у мілітарызацыі памежжа.

«Нейкіх рэзкіх рухаў з боку суседніх дзяржаваў мы не бачым. Разам з тым напружанне застаецца», – адзначыў Канстанцін Моластаў.

Ён паведаміў, што памежнікі плануюць узмацніць ахову польскага ўчастку. У прыватнасці, на берасцейскай заставе імя Кіжаватава створаць высокатэхналагічнае падраздзяленне. Яго ўкамплектуюць дронамі і аўтажырамі для патрулявання мяжы. Аднак польскія ўлады небяспеку бачаць менавіта з беларускага боку, адкуль працягваюцца гібрыдныя атакі з выкарыстаннем мігрантаў.

Беларуска-літоўскае памежжа ў стужках навінаў часцей з‘яўляецца з нагоды выкрыцця чарговых партыяў кантрабанды. Сёння літоўская Служба аховы мяжы паведаміла пра тое, што знайшла 25-метровы тунэль у вёсцы паблізу Беларусі.

«Вельмі шмат каналаў у Польшчу за апошнія гады былі закрытыя. Польшча не прыярытэт. Літва – больш даступны маршрут для дастаўкі кантрабанды», – тлумачыць прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Пасля будаўніцтва плоту з боку Літвы кантрабандысты былі вымушаныя змяніць метады. Тавары цяпер дастаўляюць дыстанцыйна – плытамі па рэках, дронамі і нават метэазондамі. Літоўскія ўлады толькі за дзевяць месяцаў летась зафіксавалі больш за 600 паветраных шароў з цыгарэтамі.

,,

«Калі мы гаворым пра больш дробныя партыі, то ўсе кантрабандысты пад кантролем таго ж ГУБОПу і КДБ», – упэўнены Уладзімір Жыгар. 


Пасля ўварвання Расеі ва Украіну праз Беларусь легальны рух паміж Беларуссю і Украінаю спынілі цалкам, дарогі і масты разбурылі, а саму мяжу замініравалі. Тым не менш кантрабанды гэта не спыніла.

«Мы не можам спыніць дзвюх-трох асобаў, якія пераходзяць мяжу. Так, іх будуць адсочваць і дронамі таксама, але спыніць гэта немагчыма. Як і кантрабанду, што існуе на ўсіх межах Украіны. Калі казаць пра вайсковую пагрозу, то гэта тысячы асабовага складу, якіх з беларускага боку мы не бачым. Але заўсёды ёсць рызыка дыверсійнай дзейнасці. Яе перадухіліць немагчыма, толькі фіксаваць у момант, калі яна адбудзецца», – тлумачыць сітуацыю ўкраінскі вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка.

У той жа час Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ўпэўнены, што сітуацыя на ўкраінскай мяжы нармалізуецца. У аўторак на загад Лукашэнкі туды звазілі на экскурсію замежных журналістаў. Ім паказалі закрыты памежны пераход «Новая Гута» і расказалі пра 20 украінскіх БПЛА, зафіксаваных летась над Беларуссю. Пра сотні расейскіх шагэдаў, што залятаюць у Беларусь амаль штодня, памежнікі не згадалі.

Больш у нашым сюжэце:


Антон Бяздольны belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10