навіны

Не выбраць, дык хоць выпіць і закусіць. Чым беларусаў кормяць на выбарчых участках

Выбарчы буфет у Слаўгарадзе. Фота: slavgorod.by
Выбарчы буфет у Слаўгарадзе. Фота: slavgorod.by
podpis źródła zdjęcia

З савецкіх часоў у Беларусі павялося, што на выбарах галоўнае не самыя выбары, не магчымасць абраць найлепшае для сябе і сваіх блізкіх, а святочны настрой для наведнікаў. І на гэтых «выбарах» улады не здраджваюць гэтаму прынцыпу: на выбарчых участках спяваюць, танцуюць і кормяць. «Белсат» вывучыў выбарчае меню шэрагу ўчасткаў 26 студзеня.

Ва ўмовах адсутнасці рэальнай канкурэнцыі ў выбарчых бюлетэнях і фактычна загадзя вядомых вынікаў буфеты на выбарчых участках сталіся адным з дадатковых сродкаў прывабіць людзей да урнаў. Гэта падкрэсліваюць і самыя ўлады, і дзяржаўныя медыі, на сваіх старонках шырока рэкламуючы і паказваючы выбарчае меню і цэны на яго. Розныя арганізацыі прапанавалі шырокі асартымент прадукцыі ўласнай вытворчасці, тавары вядомых марак і садавіну з гароднінай, а таксама акцыі і дэгустацыі.

Як адзначаюць «Минск-Новости», Камбінат школьнага харчавання Менску арганізаваў на выбарчых участках 197 буфетаў. У сярэдняй школе № 38, дзе працуюць тры ўчасткі для галасавання, прылаўкі маюць шмат свежых піражкоў, блінцоў, бутэрбродаў і слоек, мясных страваў ды іншай кулінарнай прадукцыі.

,,

«У дзень выбараў людзі прыходзяць на ўчасткі не толькі прагаласаваць, але і адпачыць, развеяцца, атрымаць задавальненне. Мы ім у гэтым дапамагаем і прапануем вялікі выбар вырабаў. […] Вялікай папулярнасцю і попытам карыстаюцца куры, фаршаваныя блінамі, пячоначны паштэт, слойкі, піцы і сасіскі ў цесце. Калі нейкія пазіцыі заканчваюцца цягам дня, аператыўна іх рыхтуем, падносім і дакладаем», – распавяла загадчыца вытворчасці КШХ Вольга Арэф'ева.


Завабліваюць людзей і адмысловымі цэнамі. Гэтак, піца «Школьная» ў Менску каштуе толькі 70 капеек, сасіска ў цесце – 80. Бутэрброды з каўбасой, піражкі з капустай і павідлам прадаюцца за 50 капеек. Порцыя дранікаў каштуе 1,3 рубля, курынае філе ў сыры – 2,8, а запечаная свініна – 3,2 рубля, і гэта самая дарагая пазіцыя ў меню. Побач бясплатна можна пакаштаваць напоі, печыва, выпечку і жэле ды набыць з вялікай зніжкай алей, кукурузу і гарошак, сокі і крупы, яблыкі і агуркі.

Выбарчы буфет у Менску. Фота: minsknews.by
Выбарчы буфет у Менску. Фота: minsknews.by

У буфеце менскай СШ № 126 можна набыць курыныя рулеты, фаршаваныя баклажаны і курыныя ножкі, рыбу ў кляры, заліўное, шашлыкі, катлеты па-кіеўску, чабурэкі, хачапуры і кулябякі і нават галубцы кілаграмамі. Таксама можна купіць тарты: «Ленінградскі» каштуе 15,9 рубля за кілаграм, «Казка» – 16,9, «Кіеўскі» – 17,9. «E-дастаўка» прапануе «Ленінградскі» за 25,8 рубля, а «Казку» – за 31,5. Таксама прапануецца дэгустацыя марозіва.

«Адных толькі галубцоў прыгатавана 80 кг, а каўбасаў – 60. Усё прадаём з мінімальнай нацэнкай, таму цэны ніжэйшыя, чым у крамах», – патлумачыла загадчыца крамы № 4 Менскага холадакамбінату № 2 Кацярына Кашталанава.

Алкаголь у школах з нагоды свята

СШ № 138 прапануе нават сэты сушы, салаты «Цэзар» і, вядома, шакаладкі «Прэзідэнт». Можна купіць у школьным буфеце і шырокі асартымент алкагольных напояў.

,,

«Пакупнікоў шмат, усе прыходзяць у добрым настроі і застаюцца задаволеныя, у тым ліку дзякуючы нізкім цэнам», – расказала загадчыца сталовай Менскага домабудаўнічага камбінату Людміла Шведава.


Шырыню алкагольнага асартыменту дэманструе «Узда.Life» з выбарчага ўчастку № 6, што ў Уздзенскім раённым доме культуры. Там для «культурнага» вечара прапануюць і піва розных аб’ёмаў, і віно з шампанскім, і гарэлку з бальзамамі. Стаіць прынамсі піва і ў Хатлянскай школе – ці можна яго ўжываць з нагоды такога вялікага свята школьнікам, не ўдакладняецца.

Выбарчы ўчастак у Уздзенскім раённым доме культуры. Фота: Узда.life / Telegram
Выбарчы ўчастак у Уздзенскім раённым доме культуры. Фота: Узда.life / Telegram

У Капыльскім раёне на Скабінскім участку для галасавання № 10 праходзіў міні-канцэрт «Песні ад душы». А каб ён быў больш душэўным, у буфеце таксама выставілі алкаголь. У гэтым жа раёне, на Жыліхаўскім участку № 26, таксама падрыхтаваліся, для выбарцаў аформлены «смачны куток-дэгустацыя»: тут вам і бутэрброды з ікрой, і салёныя агуркі, і квашаная капуста, і аліўе ды проста парэзаны хлеб.

На Чэрвеньшчыне «Феерыя смаку» прапануе да ўсяго іншага яшчэ і селядцоў. Агулам у гэтым раёне акцэнт на харчаванні ледзь не найбольшы.

,,

«Ой, б*я, зоркі», – чуваць голас за кадрам на відэа з буфетам і яго працаўніцамі ад чэрвеньскіх прапагандыстаў.


Ледзь не кожную булачку, вафельку і цукерачку з выбарчага ўчастку № 3 у Круглым смакуе мясцовае «Сельскае жыццё». Праўда, круглянскія ўлады чамусьці са святочным настроем недапрацавалі: бананы каштуюць 6,18 рубля, а мандарыны – 9,8 рубля. Для параўнання, тая ж «Е-дастаўка» прапануе іх за 5,79 і 6,19 рубля адпаведна.

Буфет на адным з участкаў у Чэрвеньскім раёне. Фота: Адукацыя Чэрвеньшчыны / Telegram
Буфет на адным з участкаў у Чэрвеньскім раёне. Фота: Адукацыя Чэрвеньшчыны / Telegram

А прапагандысты са Слаўгараду агулам учынілі дыверсію. На відэа з выбарчага ўчастку № 1 яны паказваюць людзей у буфеце – паміж пальцам піханымі каўбасамі і сасіскамі ў цесце – пад песню «Мы делаем выбор сами». Так можна падумаць, што хвілінная зніжка ў буфеце для выбарцаў важнейшая за будучыню. Праўда, ужо ў наступных пастах яны выправіліся і паказалі ідэалагічна правільныя пірожныя з надпісам «Выборы 2025».

Прапагандысты падкрэсліваюць: на ўчастках можна не толькі абедаць. Каму не хапіла ўдзень, можа прыйсці яшчэ і павячэраць – буфеты працуюць да 20:00.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10