Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская трэці год запар бярэ ўдзел у Сусветным эканамічным Форуме ў Давосе. «Белсат» сабраў тое, што вядома пра ейны ўдзел у канферэнцыі глабальнага ўзроўню.
У першы дзень форуму, 21 студзеня, на падзеі «Будучыня Беларусі» Святлана Ціханоўская прадставіла бачанне таго, як Беларусь будзе аднаўляцца пасля дыктатуры і рухацца да эканамічнага адраджэння. Для гэтага неабходна:
- Стварыць умовы для вяртання беларусаў на радзіму.
- Зрабіць Беларусь канкурэнтаздольным і прывабным рынкам, адкрытым для інвестараў з усяго свету.
- Вярнуць Беларусі статус IT-краіны, вядомай выбітнымі стартапамі і ініцыятывамі.
- Інвеставаць у новыя тэхналогіі.
- Пачаць працэс еўраінтэграцыі і ўступіць у Раду Еўропы.
«Акно магчымасцяў можа адкрыцца ў любы момант, і мы павінны быць да гэтага гатовыя. Таму сёння ў Давосе мы наладжваем сувязі з урадамі, парламентамі, глабальнымі карпарацыямі – гэта дапаможа зрабіць пераход хутчэйшым і плаўным. Вельмі важна, асабліва на пачатковым этапе, правесці ўсе неабходныя рэформы, падтрымаць прыватную ініцыятыву і прыцягнуць інвестыцыі ў Беларусь», – сказала яна.
Расследаванне АБСЕ
Таксама дэмакратычная лідарка правяла шэраг сустрэчаў з замежнымі палітыкамі. У прыватнасці, падчас сустрэчы з міністаркай замежных спраў Фінляндыі Элінай Валтанэн, якая таксама старшынюе ў АБСЕ, Ціханоўская абмеркавала запуск маскоўскага механізму ў межах АБСЕ для расследавання рэпрэсіяў, фальсіфікацыі выбараў і прыцягнення ўладаў Лукашэнкі да адказнасці. Асобна закранулі пытанне далучэння Фінляндыі да ініцыятывы Літвы ў Міжнародным крымінальным судзе. Міністарка адзначыла, што гэтае пытанне знаходзіцца на разглядзе юрыдычнай каманды.
Таксама абмяркоўвалася сітуацыя з палітычнымі зняволенымі і магчымыя шляхі іх вызвалення. Ціханоўская запрасіла Фінляндыю далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду для дапамогі рэпрэсаваным, як гэта ўжо зрабілі Нарвегія, Швецыя, Данія, Ісландыя і Эстонія. Акрамя таго, дамовіліся ініцыяваць супрацу паміж фінскімі і беларускімі няўрадавымі арганізацыямі, каб узмацніць падтрыманне беларускіх грамадзянаў і грамадзянскай супольнасці. Валтанэн запрасіла Ціханоўскую далучыцца да святкавання 50-й гадавіны Хельсінкскага Заключнага акту, што адбудуцца ў 2025 годзе.

Правы беларусаў у Латвіі
Прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч на сустрэчы з Ціханоўскай падкрэсліў, што Рыга не прызнае «выбараў» у Беларусі і працягне падтрымліваць свабодную Беларусь на міжнародных пляцоўках. Ціханоўская звярнула асаблівую ўвагу на важнасць падтрымання беларусаў Латвіі, у тым ліку арганізацыяў дыяспары. Яна выказала занепакоенасць наконт новых абмежаванняў, што абмяркоўваюцца ў парламенце Латвіі, і падкрэсліла, што важна не класці беларусаў і расейцаў у адзін кошык. Яна адзначыла, што цалкам разумее засцярогі наконт бяспекі, але заклікала не ўраўноўваць усіх беларусаў і рэжым.
Рынкевіч расказаў пра завяршэнне будаўніцтва агароджы для абароны ад нелегальных мігрантаў, якіх улады Лукашэнкі выкарыстоўваюць для ціску на Латвію. А Ціханоўская заклікала захоўваць мяжу адкрытай для пасажыраў і тых беларусаў, якія вымушаны пакідаць краіну праз рэпрэсій, спыняючы рух падсанкцыйных тавараў. Таксама абмяркоўвалася сітуацыя з палітвязнямі і затрыманні латвійскіх грамадзянаў у Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла важнасць міжнароднага ціску і патрабаванняў вызвалення ўсіх палітвязняў.
Бакі закранулі пытанні працягнення супрацы на міжнароднай арэне, а таксама абмеркавалі далейшую супрацу з новай адміністрацыяй ЗША. Рынкевіч выказаў падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі, асудзіў рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, а таксама выказаў салідарнасць Латвіі з палітычнымі зняволенымі і іх сваякамі.
Міжнародная канферэнцыя ў Партугаліі
З міністрам замежных справаў Партугаліі Паўлу Ранжэлам Ціханоўская закранула падрыхтоўку да сустрэчы Рады міністраў замежных справаў ЕЗ, якая адбудзецца 27 студзеня ў Бруселі. Ранжэл пацвердзіў, што Партугалія працягне падтрымліваць беларускі народ, дэмакратычныя сілы і незалежныя медыі. Ён падкрэсліў, што палітыка краіны застанецца прынцыповай і паслядоўнай. Ціханоўская прапанавала падтрымаць у АБСЕ ініцыятыву запуску маскоўскага механізму адразу пасля «выбараў» і далучыцца да ініцыятываў, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях.
Бакі дамовіліся арганізаваць міжнародную канферэнцыю, прысвечаную дэмакратычнаму транзіту, пераходнай справядлівасці і прымірэнню. Ціханоўская адзначыла, што Партугалія з яе досведам пераходу ад дыктатуры Антоніў Салазара ёсць ідэальным месцам для гэтага. Дамовіліся запрасіць прадстаўнікоў краін, якія прайшлі праз падобны досвед.
Развіццё беларускай Вікіпедыі
Заснавальніку Вікіпедыі Джымі Ўэлзу Ціханоўская перадала шэраг прапановаў ад беларускай вікі-супольнасці. Асобна абмяркоўвалася неабходнасць удзелу беларускіх вікіпедыстаў у падзеях і сустрэчах «Wikimedia Foundation». Ўэлз паабяцаў запрасіць прадстаўнікоў беларускай супольнасці на канферэнцыю «Wikimania», дзе яны змогуць падзяліцца сваім досведам.
Ціханоўская падкрэсліла важнасць Вікіпедыі для захавання беларускай мовы і культуры, а таксама для распаўсюду праўдзівай інфармацыі пра Беларусь у свеце. Сярод абмеркаваных пытанняў была праблема прыярытызавання расейскамоўных артыкулаў у «Google» і іншых пошукавых сістэмах, што абмяжоўвае бачнасць беларускамоўнай Вікіпедыі.

Яны таксама закранулі пытанні бяспекі для беларускіх вікіпедыстаў, якія працуюць ва ўмовах рэпрэсіяў. Абмеркавалі магчымасці падтрымкі праз супольныя праграмы і праекты. Бакі дамовіліся наладзіць пастаянны кантакт паміж беларускімі вікіпедыстамі і «Wikimedia Foundation» для вырашэння пытанняў і пашырэння падтрымання.
Затрыманні японцаў у Беларусі
У Давосе Ціханоўская таксама сустрэлася з японскім дэпутатам Юічырам Тамакі, лідарам Дэмакратычнай партыі за народ. Яны абмеркавалі супрацу з японскім парламентам і магчымасці ўмацавання міжпарламенцкіх сувязяў, супрацу і падтрыманне беларускіх няўрадавых арганізацыяў у выгнанні. Таксама ўздымалася пытанне размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі.
Асобна бакі абмеркавалі «шпіёнскія» справы супраць японскіх грамадзянаў у Беларусі. Пытанне затрыманых японцаў таксама ўздымалася ў размовах Ціханоўскай з японскімі медыямі – «NHK Japan» і «TBS TV».
Кароткія сустрэчы і размовы з усім светам
Апроч таго, Ціханоўская правяла і шэраг кароткіх сустрэчаў. Гэтак, падчас размовы з генеральным сакратаром NATO Маркам Рутэ, які прадставіў яе як прэзідэнтку Беларусі, дэмакратычныя лідарка выказала жаданне працягваць палітычны дыялог з NATO. Яны дамовіліся на сустрэчу ў найбліжэйшыя тыдні пасля «выбараў» у Беларусі.
Таксама Ціханоўская мела кароткія сустрэчы на палях форуму з прэзідэнтамі Польшчы Анджэем Дудам, Сербіі Аляксандрам Вучычам, Фінляндыі Александэрам Стубам, прэм’ер-міністрамі Албаніі Эдзі Рамам, Люксембургу Ксаўе Бэтэлем, Егіпту Мустафой Мадбулі, Літвы Гінтаўтасам Палуцкасам, Малдовы Дорынам Рэчанам, Швецыі Ульфам Крыстэрсанам, Бельгіі Александэрам дэ Кроў. Апроч таго, яна сустрэлася з міністрам замежных справаў Чэхіі Янам Ліпаўскім, міністрам гандлю Ірландыі Пітэрам Бэркам, віцэ-прэм’ерам Польшчы Кшыштафам Гаўкоўскім, Генеральным сакратаром Рады Еўропы Аленам Бэрсэ, прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Адылем Рэно-Басо, французскім дэпутатам Бэнжамінам Ада і былой кіраўніцай МЗС Іспаніі Аранчай Гансалес Лаяй.
Таксама беларуская лідарка ўзяла ўдзел у адкрытай дыскусіі «Мір праз сілу» разам з прэзідэнтам Фінляндыі, прэм’ер-міністрамі Швецыі і Бельгіі, а таксама камандуючым аб’яднанымі сіламі NATO ў Еўропе генералам Крыстафэрам Кавалі, дзе абмяркоўваліся пытанні стратэгічнай бяспекі і дэмакратыі. Апроч таго, яна ўдзельнічала ў дзвюх закрытых дыскусіях, дзе абмяркоўваліся пытанні еўрапейскай бяспекі і Беларусі.
Апроч таго, пытанні еўрапейскай бяспекі, дэмакратычнага руху ў Беларусі, яго стасункаў сувязяў з партнёрамі і выклікаў, звязаных з «выбарамі» ўздымаліся ў размовах з такімі медыямі, як «Reuters», «Sky Italy», «SBS News» (Аўстралія), «Associated Press» і «Politico Playbook».
Дастаць Беларусь з расейскага кошыка
«Мы сюды прывезлі некалькі дакументаў. Першы – гэта нашае бачанне развіцця Беларусі пасля пераменаў. Бо вельмі часта задаюць пытанне дэмакратычным сілам, Аб’яднанаму пераходнаму кабінету, а што пасля? Якой вы бачыце Беларусь? І Святлана Ціханоўская прапанавала гэтыя пяць крокаў: зрабіць краіну прывабнай для інвестыцыяў, уключаную ў міжнародны глабальны рынак, адкрытую на прыватныя ініцыятывы і для прыватна сектару, краіну, у якой будзе моцная ІТ-галіна, ну і таксама краіну, якая будзе адпавядаць усім стандартам Еўрапейскага Звязу ў плане гандлю і эканомікі», – расказаў «Белсату» Франак Вячорка, галоўны дарадца Ціханоўскай.
Другая прапанова, паводле яго, датычыць пытанняў бяспекі і чаканняў адносна перамоваў адносна Украіны, удзелу ў іх Беларусі. Дэмакратычныя сілы перадалі замежным лідарам патрабаванні вываду расейскіх войскаў, неўмяшальніцтва Расеі ў беларускія справы, спынення міграцыйнага крызісу на мяжы з Еўразвязам.
Таксама прапановы дэмсілаў датычаць бачання энергетычнай бяспекі, дыверсіфікацыі энергапаставак. Апроч таго, прапануецца павялічыць падтрыманне і рэабілітацыю тых рэпрэсаваных, якія выходзяць на волю, падтрыманне гуманітарных фондаў і праваабаронцаў. У гэтым плане плануецца арганізаваць супольныя праекты ў канкрэтных тэмах з Фінляндыяй, Партугаліяй і Нямеччынай.

«Сам удзел беларускай дэлегацыі ў гэтым форуме мае вялікае значэнне – падкрэсліць суб’ектнасць Беларусі, бо, на жаль, цяпер беларусаў і расейцаў кладуць у адзін кошык», – сказаў Вячорка.
Паводле яго, такія міжнародныя форумы дазваляюць дэмсілам нагадаць замежным лідарам, што Беларусь мае быць часткай мірных перамоваў пра Украіну, калі яны будуць, што яна не павінна быць суцяшальным прызам для Уладзіміра Пуціна, што расейскія войскі і ў тым ліку ядравая зброя маюць пакінуць тэрыторыю Беларусі, што Расея не павінна ўмешвацца ў беларускую сітуацыю, і што павінен пачацца дэмакратычны транзіт.
,,«І мне здаецца, што гэтае меркаванне пра тое, што ў Беларусі перамены могуць пачацца раней, чым у Расеі, то там, то тут з'яўляецца сярод замежных лідараў. Замежны лідары пачынаюць таксама бачыць ролю Беларусі, бачыць Беларусь не толькі як пагрозу, але таксама як магчымасць», – заявіў дарадца Ціханоўскай.
Вячорка адзначыў, што ў кулуарах форуму актыўна абмяркоўвалася пытанне найбольш эфектыўнага ўключэння беларускай тэмы ў глабальную дыскусію адносна бяспекі. Паводле яго, сустрэчы паказалі, што «ніхто» не збіраецца прызнаваць вынікі «выбараў» 26 студзеня, а таксама што ў пытанні вызвалення палітвязняў «праблема з беларуска боку»: «Лукашэнка прынцыпова не хоча вызваляць палітвязняў, але пры гэтым дражніць імі ў сваіх прапагандысцкіх сюжэтах на тэлебачанні».