2 снежня ў Гаазе (Нідэрланды) адкрываецца 23-я сесія Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суда. У межах сесіі ўпершыню адбудзецца сайд-івэнт, прысвечаны перспектывам разгляду ў МКС беларускага пытання: «Беларуская сітуацыя ў МКС: юрысдыкцыя МКС і неабходнасць падтрымання дзяржаваў-удзельніц».
Падзея зладжаная праваабарончай арганізацыяй REDRESS, цэнтрам глабальнага правасуддзя і правоў чалавека M. A. R. A. з удзелам Народнага антыкрызіснага кіравання.
Яна прысвечаная перадачы 30 верасня ўрадам Літвы беларускай сітуацыі ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. Яе мэта – прыцягненне ўвагі іншых дзяржаваў – удзельніц Рымскага статуту да сітуацыі экстэрытарыяльных злачынстваў супраць чалавечнасці, што здзяйсняюцца прадстаўнікамі ўладаў Аляксандра Лукашэнкі на тэрыторыі краінаў – удзельніц Рымскага статуту.
У падзеі бяруць удзел прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі Літвы, Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі, а таксама вядомыя міжнародныя эксперты ў сферы падобнага роду міжнародных злачынстваў, у тым ліку тых, хто раней працаваў з сітуацыяю ў М’янме і Бангладэш.
На якім этапе разгляд справы?
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў каментары «Белсату» адзначыў важнасць адвакатаваць падтрыманне звароту ўраду Літвы ў Офіс пракурора МКС, каб прыспешыць пачатак крымінальнага расследавання фактаў злачынства супраць чалавечнасці ў дачыненні Лукашэнкі. На ягоную думку, таксама вельмі важна акцэнтаваць увагу на неабходнасці перадачы дадатковых доказаў, што назапашаныя шматлікімі праваабарончымі арганізацыямі, паводле фактаў злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых на тэрыторыі Беларусі.
,,«На сённяшні дзень беларуская сітуацыя мае статус папярэдняга расследавання, што ажыццяўляе Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда», – падкрэсліў Латушка.
Ён таксама нагадаў, што 27 лістапада Офіс пракурора МКС звярнуўся ў палату папярэдняга вядзення нумар адзін, якая таксама займаецца разглядам беларускай сітуацыі, з прапановаю выдаць ордар на арышт кіраўніка М’янмы Мін Аўн Ляйна паводле факту дэпартацыі насельніцтва. Як мяркуе кіраўнік НАУ, гэта вельмі падобны да беларускага выпадак:
«Для нас гэта прэцэдэнтна, і падкрэслівае, што ёсць рэальныя шанцы таго, што і такое пытанне будзе пастаўленае ў дачыненні Лукашэнкі».
Латушка таксама заклікаў перадаваць доказы злачынстваў Лукашэнкі, каб пасля яны былі перададзеныя ў МКС.
Палітык таксама адзначыў, што Міжнародны крымінальны суд апошнім часам прыспешыў выдачу ордараў. Цяпер гэта займае не гады, як было раней, а да паўгода, як у выпадку Уладзіміра Пуціна.
,,«Мы спадзяемся, што пракурор Міжнароднага крымінальнага суда звернецца з адпаведным зваротам у Палату папярэдняга вядзення з прапановаю выдачы ордару на арышт Лукашэнкі дзесьці прыблізна ў красавіку наступнага года. Але зразумела, што мы не можам казаць за пракурора», – дадаў Латушка.
Латвія і Польшча падтрымалі зварот
Нагадаем, што 30 верасня ўрад Літвы пры падтрыманні беларускіх дэмакратычных сілаў перадаў у Офіс пракурора МКС матэрыялы пра «трансмежныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і ягонымі саўдзельнікамі ў дачыненні беларусаў». Вільня патлумачыла свой крок тым, што больш не можа бяздзеяць. Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, што ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы ў прыцягненні Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці ў МКС.
Міністэрства замежных справаў Польшчы ўжо падтрымала зварот Літвы ў МКС. У польскім ведамстве заявілі, што «ёсць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што рэжым Лукашэнкі мог здзейсніць злачынствы, вызначаныя ў статуце Міжнароднага крымінальнага суда».
Таксама Міністэрства замежных справаў Латвіі паведаміла «Белсату» «пра сваё падтрыманне звароту Літоўскай Рэспублікі ў МКС». Акрамя таго, латвійскае МЗС «шчыльна супрацоўнічае» з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі пры ацэньванні зместу звароту і аргументаў, дадзеных Літвою. А міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў назваў зварот Літвы ў Гаагу «бесперспектыўным».
Спікер МКС Фадзі эль-Абдала заявіў: не зважаючы на тое, што Беларусь не ёсць чальцом Міжнароднага крымінальнага суда, той можа прыцягнуць краіну да адказнасці за ўдзел у дэпартацыі Расеяй украінскіх дзяцей, калі будуць доказы гэтага. Ён нагадаў, што ўзімку 2024 года ўлады Беларусі паказалі групу ўкраінскіх дзяцей з акупаванага Расеяй гораду Антрацыт. Іх адправілі ў Магілёў, дзе размясцілі ў санаторыі, а беларускія вайскоўцы ладзілі для іх трэнінгі. Пасля гэтага намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка падаў у МКС доказы імавернага дачынення Лукашэнкі да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заявіла, што для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненыя злачынствы дэмакратычныя сілы збіраюцца выкарыстоўваць таксама механізм Міжнароднага суда ААН.
Таксама глядзіце ў сюжэце: