навіны

У Латвіі хочуць забараніць беларусам набываць нерухомасць

Сцягі Латвіі
Сцягі Латвіі. Фота: chayka.lv
podpis źródła zdjęcia

У латвійскі Сейм унесены законапраект, што прадугледжвае ўвядзенне забароны на набыццё нерухомасці ў краіне грамадзянам Расеі і Беларусі. Такія ўгоды называюцца пагрозаю для нацыянальнай бяспекі. Абмежаваць іх прапанавала кіроўнае партыйнае аб’яднанне «Новае адзінства».

Мэта законапраекту, паводле яго аўтараў, – «не дапусціць шкодную і небяспечную з гледзішча дзяржаўных інтарэсаў дзейнасць, а таксама не дазваляць абыходзіць санкцыі», піша «Delfi». Дакумент быў распрацаваны супольна з Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам замежных справаў Латвіі.



Забараніць набываць нерухомасць хочуць фізічным асобам з грамадзянствам Беларусі і Расеі, а таксама юрыдычным асобам, якія ва ўласнасці гэтых грамадзянаў, і тым, чые сапраўдныя бенефіцыяры – беларусы і расейцы.



Абмежаванні не павінны распаўсюджвацца на асобаў, якія атрымалі статус сталага жыхара Еўразвязу ці дазвол на сталае перабыванне ў Латвіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закону «Аб іміграцыі».


,,

«У апошнія гады мы мэтанакіравана працуем, каб умацаваць бяспеку і дзяржаўны суверэнітэт Латвіі, абмяжоўваючы магчымасці Расеі і Беларусі рэалізоўваць свае вонкавапалітычныя мэты ў Латвіі ці арганізоўваць захады ўплыву і гібрыдныя атакі. Гэты законапраект – яшчэ адзін крок, каб забяспечыць абарону ад магчымых рызыкаў», – заявіў кіраўнік фракцыі «Новае адзінства» ў Сейме Эдмундс Юрэвіцс.


Парламенцкі сакратар Міністэрства юстыцыі Латвіі Лаўма Паэглькална зазначыла, што «ва ўмовах гібрыднай вайны, каб абараніць дэмакратычную прававую дзяржаву і ўмацаваць бяспеку краіны, неабходна ўлучыць у прававое рэгуляванне патрэбныя інструменты», а новы законапраект – гэта прэвентыўныя дзеянні, што дапамогуць выключыць «любыя магчымасці ўмяшання Расеі і Беларусі» ва ўнутраныя справы Латвіі.


Латвія таксама плануе ўзмацніць захады бяспекі на мяжы. Паводле планаваных зменаў, перад візітам у Латвію грамадзянам краінаў СНД – Азербайджану, Арменіі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Малдовы, Расеі, Таджыкістану і Узбекістану – неабходна будзе падаваць дадатковую інфармацыю: пра мэту паездкі, час і месца перабывання, маршрут, кантактную інфармацыю, займаныя пасады, ці былі людзі раней кандыдатамі на выбарах і ці служылі ў розных ведамствах.


За адмову даць гэтую інфармацыю або падачу ілжывых звестак можна будзе атрымаць штраф да 2 тысячаў еўраў.


У 2024 годзе ва ўездзе ў Латвію «з гледзішча бяспекі» было адмоўлена 137 грамадзянам Беларусі і 401 – Расеі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10