навіны

Бывай, TikTok? Вярхоўны Суд ЗША падтрымаў закон, які забараняе сацыяльную сетку

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Saulo Angelo / Imago Stock and People / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Saulo Angelo / Imago Stock and People / East News
podpis źródła zdjęcia

Закон мае ўступіць у моц 19 студзеня: за дзень да інаўгурацыі Доналда Трампа, які заяўляў, што «ўратуе TikTok».

Прадстаўнікі TikTok разам з карыстальнікамі і стваральнікамі кантэнту аспрэчвалі закон аб забароне кітайскай сацыяльнай сеткі. Супраціўнікі закону мяркуюць, што асцярогі наконт нацыянальнай бяспекі заснаваныя на недакладнай і гіпатэтычнай інфармацыі, а забарона парушае першую папраўку да Канстытуцыі ЗША, якая гарантуе свабоду слова. 


Але Вярхоўны Суд ЗША 17 студзеня адмовіўся адмяніць закон, які забараняе выкарыстанне TikTok у краіне, калі сацсетка па-ранейшаму будзе належыць кітайскай кампаніі «ByteDanceі». У пастанове асноўная ўвага нададзеная асцярогам з нагоды збору звестак дадаткам, які суд ахарактарызаваў як «шырокі», паведамляе CNN.


«Збор і аналіз звестак – звычайная практыка ў гэтую лічбавую эпоху. Але маштаб TikTok і яго схільнасць кантролю з боку замежных супернікаў, а таксама велізарныя масівы канфідэнцыйных звестак, якія збірае платформа, апраўдваюць дыферэнцыраваныя стасункі для развязання праблемаў нацыянальнай бяспекі ўраду», – заявіў суд. 


Але дакумент не прадугледжвае абавязковага неадкладнага блакавання, таму яна можа адбыцца пазней. Акрамя таго, невядома, як забарона будзе працаваць на практыцы, бо няма прэцэдэнту, каб урад ЗША блакаваў буйную платформу сацыяльных сетак. І як менавіта ўрад будзе забяспечваць гэтую забарону, застаецца незразумелым.


Нагадаем: такі закон быў прыняты палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўвесну 2024 года. Кангрэсмены палічылі, што TikTok уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, бо кітайскі ўрад можа прымусіць кампанію-ўладальніка («ByteDance») перадаваць яму звесткі амерыканскіх карыстальнікаў. У красавіку дакумент падпісаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.


Яшчэ да выбараў Трамп заяўляў, што «ўратуе TikTok», але насамрэч у таго няшмат магчымасцяў паўплываць на выкананне закону. Максімум – прыпыніць забарону сацсеткі на 90 дзён ці паспрабаваць прадаць TikTok амерыканскай кампаніі.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10