навіны

Пашпарт Новай Беларусі. Ці дапаможа ён беларусам ва Украіне?

Фота: tsikhanouskaya.org
Фота: tsikhanouskaya.org
podpis źródła zdjęcia

Беларускі нацыянальны пашпарт мог бы развязаць праблему беларусаў ва Украіне, лічыць былы капелан, а цяпер грамадскі дзеяч і святар Сяргей Горбік, які служыць у Львове і дапамагае беларусам вырашаць іхныя праблемы, у тым ліку і звязаныя з легалізацыяй.

«Вось гэты пашпарт Новай Беларусі распаўсюджваецца толькі на тых, хто ў ЕЗ. Я разумею, што трэба, каб яго прызналі спачатку, і гэта не проста. Але было б вельмі нядрэнна, калі б той жа Аб'яднаны кабінет наладзіў перамовы з украінскім бокам, каб неяк вырашыць пытанне перабывання на тэрыторыі Украіны нашых суайчыннікаў», – кажа Сяргей Горбік у каментары «Белсату». На ягоную думку, можна было бы паспрабаваць дамовіцца і з Польшчай, каб іх памежнікі пусцілі з Украіны беларусаў з такімі пашпартамі. «Ну, ці можа, каб прызналі пашпарты як дзейныя дакументы, у якіх скончыўся тэрмін. Але неяк гэтую праблему трэба вырашаць. Бо ва Украіне ідзе вайна. І, можа, хаця б гэтую акалічнасць узяць да ўвагі», – разважае суразмоўца.

«Ва Украіне жывуць тысячы беларусаў, і ў кожнага тут свая гісторыя», – распавядае Сяргей Горбік. Ён вылучае некалькі праблемных катэгорыяў.

Першая – людзі, якія даўно жывуць ва Украіне. Хтосьці быў у шлюбе і не задумваўся аб афармленні грамадзянства. Яны ездзілі спакойна ў Беларусь, наведвалі сваякоў. У іхных бацькоў, бабуль, дзядуляў была нерухомасць, якая ім паводле тастаменту перадавалася ў спадчыну. Нехта меў ВНЖ і звяртаўся па пашпарт серыі РР. Яго можна было атрымаць праз консульскую службу. Але далёка не ўсе афармлялі. Яны маглі жыць, як усе грамадзяне Украіны, гэтак жа запаўняць падатковую дэкларацыю, не маглі толькі галасаваць.

Другая катэгорыя, паводле суразмоўцы, – тыя, хто пасля падзеяў 2020 года бег ва Украіну сем'ямі. Хтосьці з сям'і – муж ці жонка – украінцы. Яны мелі від на жыхарства, але ў Беларусі. Украіна грамадзяніну Беларусі дае першы раз ВНЖ толькі на тры гады. І вось, калі надыходзіць тэрмін падоўжыць ВНЖ, высвятляецца, што ў беларуса скончыўся тэрмін пашпарта. Так, ёсць доказ таго, што чалавек у шлюбе з грамадзянінам Украіны, але дакумента, у дадзеным выпадку пашпарта, на падставе якога могуць падоўжыць від на жыхарства, фактычна няма. Тут адзінае развязанне – пайсці ў суд. «Суды часта выносяць рашэнне аб падаўжэнні ВНЖ, але яны перагружаныя і пасля падачы заявы трэба чакаць паседжання не менш за тры месяцы. А чалавека за гэты час могуць звольніць з працы нават. У маёй знаёмай з Берасця такая сітуацыя. Яна працуе настаўніцай у школе, і за яе нават заступіўся кіраўнік адміністрацыі таго гораду, дзе яна жыве. Яе пакінули на працы. Але і ў такім выпадку чалавек не можа нікуды паехаць, бо няма пашпарта», – распавёў святар.

Трэцяя катэгорыя – тыя беларусы, якія наогул не маюць пашпартоў. Бо не ўсе з тых, хто прыехаў у 2020 годзе, ехалі ў Кіеў ці ў заходнюю Украіну. Нехта паехаў на Данбас, нехта ў Харкаўскую вобласць. Калі людзі збеглі адтуль пасля інтэнсіўных баёў, то гублялі дакументы, у кагосьці яны ўвогуле згарэлі. У міграцыйнай службе ім прапаноўваюць вырашаць пытанне ў судзе. Але пагроза звальнення з працы для іх нікуды не знікае.

Нарэшце, чацвёртая катэгорыя – беларускія добраахвотнікі. Некаторыя з іх, а іх нямала, у выніку ранення атрымалі інваліднасць, альбо іх камісавалі з войска. У іх таксама пратэрмінаваныя пашпарты альбо зусім няма. «Украіна нешта для іх спрабуе рабіць, але што з імі будзе далей, невядома. Яны не могуць атрымаць грамадзянства, пакуль дзейнічае гэты закон аб грамадзянстве. Магчыма, яны атрымаюць сталы від на жыхарства, але пакуль невядома. Ёсць надзея, што новы закон будзе для іх больш спрыяльны», – кажа Сяргей Горбік.

Суразмоўца не бачыць простага развязання складанай для беларусаў сітуацыі, але мяркуе, што пашпарт Новай Беларусі акурат тут мог бы стаць дапамогай.

Нагадаем, што 26 студзеня пачнецца збор заявак на выдачу пашпарта Новай Беларусі. Дакумент распрацаваны і прызначаны для беларусаў, якія жывуць на тэрыторыі Еўразвязу. Кіраўнік гэтага праекту Марус Гудзялайціс паведаміў, што вырабляць новыя пашпарты плануецца ў Беларускім пашпартным цэнтры ў Вільні.

Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10