Беларускія ўлады з 2020 года ўжо неаднаразова адключалі інтэрнэт. На думку праваабаронцаў, могуць не стаць выключэннем і сёлетнія «выбары», прызначаныя на 26 студзеня. Якім менавіта можа быць гэтае адключэнне і як да яго варта падрыхтавацца беларусам, расказалі ў праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».
Беларусь не адзіная краіна, улады якой займаюцца адключэннямі інтэрнэту. Пры гэтым колькасць такіх выпадкаў толькі расце. Паводле падлікаў арганізацыі «Access Now», калі ў 2016 годзе было зафіксавана 78 адключэнняў у 27 краінах, то ў 2023-м – ужо 283 блакаванні ў 39 краінах. Адключэнні могуць быць як поўнымі, калі не інтэрнэт не працуе зусім, гэтак і частковымі, калі блакуюцца пэўныя сэрвісы, пратаколы і гэтак далей.
,,«Ва ўсім свеце рэжымы ўжываюць такі сродак як адключэнне інтэрнэту. Часцей за ўсё яны гэта робяць падчас нейкіх хваляванняў», – адзначыў эксперт «Human Constanta».
На ўзроўні ААН і АБСЕ такія адключэнні інтэрнэту лічацца парушэннем правоў чалавека, бо «гэта не прапарцыйнае абмежаванне, нават калі яно прапісанае ў законе». Аднак аўтарытарныя ўлады розных краінаў лічаць такія крокі эфектыўнымі захадамі для захавання ўладаў і задушэння пратэставай актыўнасці, заявіў праваабаронца.
Падобна, што блакаванне ўжо рыхтуецца
У «Human Constanta» мяркуюць, што чарговае блакаванне інтэрнэту можа адбыцца з нагоды «выбараў» 26 студзеня. Паводле праваабаронцаў можа быць некалькі варыянтаў гэтага: пачынаючы ад ненаўмыснага збою і заканчваючы адключэннем інтэрнэтам «праз рубільнік». Прамежкавыя варыянты прадугледжваюць блакаванне, напрыклад, толькі мабільнага інтэрнэту або ўвядзенне шчыльнай фільтрацыі «шкодных» рэсурсаў, каб разам з тым не перашкодзіць працы банкаўскіх сэрвісаў.
Эксперт праваабарончай арганізацыі падкрэсліў, што тэхнічна адключыць Беларусь ад інтэрнэту не так і цяжка. Але ў выніку гэта прынясе краіне эканамічныя страты, бо не будуць працаваць разнастайныя сэрвісы, у тым ліку банкаўскія і дзяржаўныя, «нават на сайт БелТА не будзе магчымасці зайсці». У 2020 годзе адсутнасць сувязі з глабальным павуціннем каштавала беларускай эканоміцы, паводле ацэнак незалежных назіральнікаў, да 170 мільёнаў долараў.

Таму ўлады краіны найчасцей спрабуюць прыбягаць да фільтравання міжнароднага трафіку, у тым ліку адключаючы VPN-злучэнні і ўводзячы іншыя захады інтэрнэт-цэнзуры. Прыкладам гэтага могуць быць навагоднія блакаванні YouTube падчас выступаў Святланы Ціханоўскай.
Паводле эксперта «Human Constanta», падчас пратэстаў у жніўні 2020 года ўлады таксама планавалі кропкавыя адключэнні, але тыя пераўтварыліся ў «веерныя, і пасыпалася ўся сістэма». Згодна з падлікамі, інтэрнэт у тыя дні мог не працаваць на 85 %. Апошнімі тыднямі, адзначыў эксперт, у Беларусі ўжо назіраюцца збоі, падобныя да таго, што было ў чэрвені 2020 года і якія можна разглядаць як падрыхтоўку да адключэнняў.
,,«Ці змогуць пры патрэбе ўлады гэта паўтарыць, але без маштабнага адключэння, мы не ведаем. І пакуль гэта не адбудзецца, мы не даведаемся», – сказаў эксперт.
Адзначым, што 22 лістапада 2024 года Аляксандр Лукашэнка дапусціў поўнае блакаванне інтэрнэту ў краіне ў выпадку пратэстаў супраць арганізаваных ім выбараў – «адключым наагул».
Агулам эксперт чакае перадусім спробаў «так адключыць інтэрнэт, каб былі выключаныя незалежныя медыі, мэсэнджары, сацыяльныя сеткі, але пры гэтым каб працавала банкаўская і крытычная інфраструктура». У любым разе, на яго думку, нягледзячы на тое, што магчымыя эканамічныя страты і могуць стрымліваць улады ад поўнага адключэння інтэрнэту, у пытанні паміж паміж захаваннем улады і захаваннем эканомікі «адказ будзе відавочным».
Кропкавыя ж адключэнні беларусаў «могуць пераследаваць у любы момант пры любой нагодзе», заявіў эксперт.
Што рабіць беларусам?
Галоўнымі праблемамі адключэння інтэрнэту эксперт «Human Constanta» мяркуе тое, што, па-першае, невядома, які канкрэтна сцэнар плануюць ужываць улады. А па-другое, што большасць беларусаў наўрад ці будуць рыхтавацца да гэтай сітуацыі.
«Хутчэй за ўсё адключэнне інтэрнэту стане шокам», – сказаў ён. Пры гэтым эксперт адзначыў, што падчас блакаванняў у жніўні 2020 года на піку колькасць карыстальнікаў «Psiphon» у Беларусі складала 1,7 млн, што больш чым у 85-мільённым Іране.
Што ўсталяваць перад блакаваннем
VPN-сэрвісы:
Сэрвісы, якія створаныя на выпадак блакавання VPN-сэрвісаў
Таксама варта ўсталяваць браўзер TOR (спампаваць тут) і навучацца наладжваць яго працу праз проксі.
Апроч таго, варта навучыцца ўключаць проксі ў Telegram (інструкцыя тут).
,,«Большасць [іншых] VPN-сэрвісаў будуць адключаныя і не змогуць прарваць праз блакаванне», – заявіў эксперт.
Эксперт «Human Constanta» адзначыў важнасць усталяваць гэтыя праграмы загадзя, да дня выбараў. Бо пасля, падчас адключэнняў, гэта зрабіць ужо можа стаць немагчымым. Таксама важна падрыхтаваць розныя VPN-сэрвісы і прылады абыходу блакаванняў на выпадак, калі працы некаторых з іх улады здолеюць перашкаджаць.
Калі ж адключэнне інтэрнэту будзе поўным, то тады ўжо, паводле эксперта, нічога не зробіш – «застаецца толькі даставаць дзядулеў радыёпрымач». Таксама сродкам атрымання інфармацыі можа стаць спадарожнікавае тэлебачанне.
Беларусь чакае «суверэнны інтэрнэт»?
Савет Міністраў Беларусі пад Новы год ухваліў Канцэпцыю забеспячэння лічбавага суверэнітэту да 2030 года. Міністэрству сувязі далі тры месяцы, каб распрацаваць і зацвердзіць план рэалізацыі канцэпцыі. Яна кажа пра развіццё, бяспеку, самастойнасць і імпартазамяшчэнне. Але ў суседняй Расеі пад «лічбавым суверэнітэтам» маюць на ўвазе цэнзуру.

«Гэта працяг таго курсу, які абралі беларускія ўлады, каб яшчэ больш і больш кантраляваць інтэрнэт. Кантраляваць тое, як карыстальнікі і карыстальніцы праводзяць час у інтэрнэце, якія серверы яны выкарыстоўваюць», – адзначыў эксперт «Human Constanta».
Ствараць жа асобную ўнутраную сетку для Беларусі, «суверэнны інтэрнэт», як гэта робіць Кітай, з прычыны невялікіх маштабаў краіны і ейнага насельніцтва «нерэальна», заявіў ён.
«Стварэнне суверэннага інтэрнэту – гэта вельмі дорага. І патрабуе не столькі грошай, колькі наяўнасці нацыянальных сэрвісаў, якія могуць замяніць глабальныя ці рэгіянальныя. Свае паштовыя сэрвісы, свае відэахостынгі, свае сацыяльныя сеткі, свае мэсэнджары», – сказаў эксперт, адзначыўшы, што фактычна патрабуецца стварыць лакальную копію інтэрнэту.
Тым не менш, эксперт не выключае, што ў перспектыве Беларусь магла б далучыцца да расейскага «суверэннага інтэрнэту». Прыкметаў гэтага пакуль не бачна, але «пры наяўнасці палітычнай волі» зрабіць гэта было б нашмат прасцей, чым ствараць замкнёную сетку асобна для Беларусі.
Макар Мыш belsat.eu