Канцэпцыя кажа пра развіццё, бяспеку, самастойнасць і імпартазамяшчэнне. Але ў суседняй Расеі пад «лічбавым суверэнітэтам» маюць на ўвазе цэнзуру.
Савет Міністраў Беларусі пад Новы год ухваліў Канцэпцыю забеспячэння лічбавага суверэнітэту да 2030 года. Дакумент афіцыйна апублікавалі 15 студзеня на Pravo.by. Міністэрству сувязі далі тры месяцы, каб распрацаваць і зацвердзіць план рэалізацыі канцэпцыі.
«Лічбавы суверэнітэт» у разуменні аўтараў канцэпцыі – гэта «неад'емнае права дзяржавы кіраваць дзяржаўнай інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктурай і інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыццяўляць над імі кантроль, абараняць свае інтарэсы, праводзіць незалежную вонкавую і нутраную дзяржаўную палітыку ў сферы лічбавага развіцця».
Аўтары прызнаюць, што поўнай аўтаноміі дасягнуць немагчыма. І гэта праўда: нават у Паўночную Карэю, дзе збудавалі замкнёны інтранэт («ўнутраны інтэрнэт»), прарываюцца кантрабандныя «флэшкі» звонку. Ды ўлады Беларусі пішуць не пра поўную забарону сувязі з вонкавым светам, а пра «лічбавую стабільнасць» на фоне санкцыяў і абмежавання ў доступе да высокіх тэхналогіяў.
У канцэпцыі пішуць пра шэраг праблемаў з «лічбавым суверэнітэтам»: дзяржава слаба разумее, як весці палітыку ў сферы лічбавага развіцця і не мае метадалагічнай базы для галіновых стратэгіяў гэтага развіцця; у розных галінах эканомікі розная ступень «лічбавай спеласці» і IT-кампетэнцыяў; у краіне выкарыстоўваюць розныя, несумяшчальныя і нярэдка маральна састарэлыя лічбавыя рашэнні; павольна развіваецца «эканоміка звестак»; шырока выкарыстоўваюцца замежныя праграмныя і апаратныя сродкі, а таксама неліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне; няма разумення пераваг і хібаў пераходу на свабоднае праграмнае забеспячэнне…
Прапануюць фармаваць нарматыўную базу ў тым ліку для прыярытэтнага выкарыстання айчыннага праграмнага забеспячэння (софту), дадаткова стымуляваць выкарыстанне свабоднага праграмнага забеспячэння (у тым ліку для распрацоўвання ці збору айчыннага софту), ствараць умовы для ўтрымання айчынных распрацоўнікаў (а яны з’язджаюць тысячамі), развіваць нацыянальную IT-індустрыю ў частцы распрацоўвання айчыннага софту, развіваць прамысловы патэнцыял для распрацоўвання высокатэхналагічнай прадукцыі, абавязаць захоўваць пэўныя звесткі на тэрыторыі Беларусі і гэтак далей.
Размовы пра замену замежнага праграмнага забеспячэння беларускім вядуцца даўно і даволі сур’ёзна: чыноўнікі задумалі нават беларускую аперацыйную сістэму. Эксперты сумняюцца, што гэта будзе запатрабавана і эфектыўна: на распрацоўванне і падтрыманне сур’ёзнага софту замежныя кампаніі выдаткоўваюць мільярды долараў на год, канкураваць з імі ў якасці будзе цяжка.
У суседняй Расеі пад «лічбавым суверэнітэтам» тым часам разумеюць цэнзуру: тое, што празвалі «Чабурнэтам». У адрозненне ад Беларусі, дзе блакуюць толькі незалежныя медыі (і сотні старонак называюць «экстрэмісцкімі»), у Расеі ўжо блакуюць цэлыя сацсеткі і робяць амаль немагчымым выкарыстанне YouTube, задумваюцца пра яшчэ большую цэнзуру.
У Беларусі ж пакуль асноўныя размовы – пра «імпартазамяшчэнне». Ды яно ў IT-сферы нярэдка аказваецца маскаваннем заходняга пад айчыннае: напрыклад, ноўтбукі «Гарызонт» надзіва падобныя да ноўтбукаў «Lenovo» і маюць працэсары «Intel».
Алесь Наваборскі belsat.eu