навіны

«Беларускі Youtube» запусцілі. На ім толькі дзяржаўныя тэлеканалы і «расейскі след» у софце

img
Галоўная старонка «Видео.бел». Скрыншот: Videobel.by
podpis źródła zdjęcia

Праект «Видео.бел», які намеснік кіраўніка адміністрацыі Луашэнкі называў «першым крокам да стварэння беларускага Youtube», запусціўся 12 верасня. І аказаўся зусім не падобным да Youtube.

На сайт Videobel.by можна трапіць, набраўшы ў адрасным радку кірыліцай Видео.бел па-расейску, але не Відэа.бел па-беларуску.


Усе відэа на гэтым сайце – сюжэты дзяржаўных тэлеканалаў «Беларусь 1», «АНТ», «СТВ», «РТР-Беларусь» і «Мір», а таксама выданняў «БелТА» і «СБ. Беларусь сегодня». Падобна, відэа проста дублююцца з іхных Youtube-каналаў. У топе – «Лукашэнка…», «Лукашэнка…», «Лукашэнка…».


Магчымасці запампоўваць відэа ад карыстальнікаў на сайце няма – можна толькі глядзець. У раздзеле «Пра сэрвіс» схаваныя файлы для ўсталёўкі праграмы сэрвісу на Android, але ў афіцыйнай краме Android-праграмаў «Google Play Store» няма праграмы «Видео.бел».


Можа, так рыхтуюцца да блакавання Youtube

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Анімацыя сэрвісу. (Скрыншот: Youtube.com)
Што рабіць, калі ў Беларусі «запаволяць» YouTube? Такое ўжо задумалі ў Расеі навіны

Калі Уладзімір Пярцоў, намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, распавёў пра стварэнне відэахостынгу «Видео.бел», ён казаў, што гэта будзе «дастаткова слабы аналаг, але такі першы крок да стварэння беларускага Youtube». Маўляў, «вы бачыце, што адбываецца» з ім і іншымі відэасэрвісамі. Імаверна, Пярцоў меў на ўвазе сітуацыю ў Youtube у Расеі. дзе пачалі наўмысна запавольваць Youtube. Паводле звестак расейскага выдання «Медуза», мэтавы паказнік запавольвання – 128 кбіт/с, што дае магчымасць глядзець відэа хіба ў разрозненні 240p.


Ды міністр інфармацыі Марат Маркаў запэўнівае: пакуль «давайце не будзем казаць пра тое, што мы жадаем забараніць YouTube». Гэта калі «толькі мы адчуем пагрозу», «мы будзем адэкватна дзейнічаць, суразмерна, дыпламатычна».


Калі ў Беларусі пачнуць запавольваць Youtube, як то робяць у Расеі, сэрвісам усё роўна можна будзе карыстацца – толькі давядзецца глядзець відэа ў горшай якасці. Або ім можна будзе карыстацца праз VPN – некаторыя VPN-сэрвісы даюць глядзець відэа нават у якасці 4K. Або відэа любімых каналаў можна будзе адшукаць на іншых крыніцах: напрыклад, на Facebook, на X ці на Telegam.


«Імпартазамяшчэнне» выйшла дарагім – і падобна, расейскім

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Unai Huizi / imageBROKER / Forum
«Сумнеўна, што людзі туды пойдуць і панясуць тое, што самі здымаюць» . Эксперты – пра «беларускі youtube» навіны

Як даведаліся «Кіберпартызаны» з унутраных сетак «БелТА», на «Видео.бел» улады чакаюць да 3000 гледачоў адначасова ў першы год працы, на піку грамадска значных падзеяў – да 50 тысяч.


У пошуках распрацоўшчыка, які і зробіць «беларускі youtube» , БелТА з лета 2023 года вяла перамовы з ААТ «ИнДев Солюшенс» і правайдарам «А1» (а менавіта – з тагачасным намеснікам гендырэктара па лічбавых платформах і кантэнту «А1» Антонам Бладзікам, які яшчэ раней працаваў галоўным спецыялістам у дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі).


«А1» ацанілі стварэнне, запуск і абслугоўванне відэахостынгу цягам году ў 600 – 700 тысяч долараў ЗША, калі браць гатовае рашэнне на базе праграмнага забяспечання «Voka» . Аднак ужо праз месяц перамоваў «БелТА» павялічыла неабходную для запуску і эксплуатацыі медыяплатформы ў першы год суму да 1,5 – 2 мільёнаў долараў, а штогадовыя выдаткі, пачынаючы з другога года – да прыкладна 1 мільёну долараў.


Хто ў выніку распрацаваў сістэму, невядома. Але, мяркуючы з коду на сайце, для прайгравання відэа выкарыстоўваецца расейскі «SPB TV Player» – распрацоўка расейскай прыватнай кампаніі «SPB TV», якая сярод сваіх кліентаў згадвае і «Voka», і расейскі «Первый канал», і праекты ў многіх іншых краінах, аж да Кітаю і Камбоджы.


***


Імаверна, ініцыятыва не звязаная наўпрост з праектам новага дзяржаўнага тэлеканалу «Першы інфармацыйны». Дамэн таго каналу News.by рэгістравала 29 траўня Белтэлерадыёкампанія, а дамэн гэтага праекту зарэгістравала 31 студзеня «БелТА». На момант публікацыі «Першы інфармацыйны» яшчэ не пачаў працу, на сайце News.by – заглушка «СКОРО».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10