навіны

На Гомельшчыне ліквідуюць чвэрць сельскагаспадарчых арганізацыяў

Ілюстрацыйны здымак. Карэлічы, Гарадзенская вобласць. Фота: Pierre Crom/Getty Images
Ілюстрацыйны здымак. Карэлічы, Гарадзенская вобласць. Фота: Pierre Crom/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Да 2030 года на Гомельшчыне ліквідуюць каля чвэрці ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыяў. У выніку са 170 тамтэйшых гаспадарак пакінуць 129.

Такі несуцяшальны прагноз агучыў памочнік Лукашэнкі па вобласці Юрый Горлаў. Адна з прычынаў – дэфіцыт кіраўнікоў, кажа чыноўнік: «Кіраўнікоў менее. Ёсць пэўныя пытанні наконт якаснага падбору кіраўнікоў».

Для Лукашэнкі кепская сітуацыя ў галіне – не сакрэт. Летась у красавіку ён збіраў адмысловую чатырохгадзінную нараду ў справе сельскай гаспадаркі, дзе ўчыніў разнос удзельнікам. А падчас леташніх «Дажынак» праехаў па ўсіх вобласцях і застаўся незадаволены працаю кіраўнікоў.

Праблема ў кіроўных кадрах галіны паўстае праз тое, што сельскагаспадарчыя спецыяльнасці сталіся непрэстыжныя сярод моладзі. Гэтак, у Гарадзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце конкурсу пры паступленні або не было, або ён блізкі да адзінкі. Падобная сітуацыя і ў іншых профільных навучальных установах.

«Туды ідуць людзі, якія ўмоўна 15 гадоў таму нават у каледж не маглі б паступіць. А цяпер іх бяруць на вышэйшую адукацыю і потым з гэтых людзей хочуць вырасціць старшыняў калгасаў. Адпаведна ўзровень адмыслоўцаў у вёсцы каціцца ўніз, то бок выбраць няма з каго і спрабуюць гэта ўсё аптымізаваць», – кажа адмысловец у сельскай гаспадарцы, былы старшыня калгасу Мікалай Лысянкоў.

На Гомельшчыне праблему дэфіцыту кіраўнікоў спрабуюць развязаць змяншэннем крэслаў для іх – сельскагаспадарчыя арганізацыі будуць аб'ядноўвацца і ўзбуйняцца. «Сотні прыкладаў, калі бедную гаспадарку далучылі да багатай. Бедная як была беднаю, так і застаецца, а ў багатай фінансавае становішча значна пагаршаецца. То бок гэтае абʼяднанне – проста адцягванне канца», – мяркуе Мікалай Лысянкоў.

Працаўнікі абʼяднаных гаспадарак адчуюць перамены, найхутчэй, у горшы бок. Днямі ў сацыяльных сетках жыхар Меншчыны паказаў разліковыя аркушы да і пасля таго, як ягонае прадпрыемства далучылі да птушкафабрыкі «Дружба». З дакументаў вынікае што ягоны заробак зменшыўся на траціну.

«Абʼяднанне, не абʼяднанне – гэта не пра работнікаў, не пра сярэдні заробак, не пра сацыяльнае забеспячэнне. Гэта пра аптымізацыю коштаў для Лукашэнкі, бо ён робіць не для таго, каб людзям лепш жылося, а каб мінімальна выкарыстоўваў сродкі вытворчасці, а больш мог зарабіць», – кажа прэзідэнт Міжнароднага інстытуту свабоды, эканаміст Яраслаў Раманчук.

Выправіць становішча галіны можа змяненне падыходаў да гаспадарання і ўласнасці, сыходзяцца ў меркаванні нашыя суразмоўцы. «Трэба, каб быў гаспадар на зямлі. Не Лукашэнка, не калгас, а прыватная ўласнасць зямлі. Каб было інакш, трэба, каб фермеры на роўных маглі канкураваць з дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Дзяржаўных прадпрыемстваў увогуле ў гэтай сістэме не павінна быць», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

Але пакуль калгасы намагаюцца выкараскацца звыклым спосабам. Гэтак, на Віцебшчыне Лёзненскі райаграсэрвіс за даўгі прадае маёмасць. Доля ж фермерскіх гаспадарак у агульным абʼёме вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, паводле Белстату, пазалетась не дасягнула і трох адсоткаў.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10