Спікер літоўскага Сейму Саўлюс Сквярняліс заявіў, што не можа назваць выбарамі працэс, які адбудзецца ў Беларусі 26 студзеня. Акрамя таго, ён выступіў супраць узмацнення санкцыяў у дачыненні беларускага бізнесу, які пераехаў у Літву.
Такія заявы палітык зрабіў пасля сустрэчы з беларускай дэмакратычнай лідаркай Святланай Ціханоўскай 7 студзеня. Кіраўнік літоўскага Сейму адзначыў, што працэс, які пройдзе ў Беларусі ў студзені, нельга назваць выбарамі. А таму, паводле яго, палітычныя рашэнні трэба прымаць ужо зараз.
,,«Нам больш не трэба чакаць, пакуль адбудзецца гэты фарс, каб прыняць нейкія палітычныя рашэнні, мы можам проста загадзя меркаваць, што да выбараў гэта не мае ніякага дачынення», – адзначыў палітык.
Паводле Сквярняліса, Аляксандр Лукашэнка відавочна захацеў легітымізаваць сябе на пасадзе прэзідэнта на чарговыя пяць гадоў.
Акрамя таго, Саўлюс Сквярняліс выказаўся наконт жадання літоўскага ўраду працягнуць нацыянальныя санкцыі супраць грамадзянаў Расеі і Беларусі яшчэ на год. На ягоную думку, няма неабходнасці рабіць гэтыя санкцыі больш жорсткімі і трэба захаваць цяперашні статус-кво, каб беларусы, якія жывуць у Літве, маглі планаваць сваю будучыню і лепш інтэгравацца ў жыццё краіны.
«Я лічу, што статус-кво мусіць быць захаваны. Сёння мы [са Святланай Ціханоўскай] казалі, што ўжо ёсць некаторая напружанасць адносна пастановаў, прынятых у дачыненні тых людзей, якія ўцяклі сюды ад рэжыму, перанеслі сюды свой бізнес», – сказаў Сквярняліс.
Палітык выказаў здзіўленне з незразумелага стаўлення да беларускіх бізнесоўцаў: паводле яго, спачатку ў Літву запрасілі прадпрыемствы, якія ствараюць высокую дададзеную вартасць, а цяпер кажуць, «што, магчыма, яны нам не моцна і патрэбныя».
На думку спікера літоўскага парламенту, яснасць у дачыненні бізнесоўцаў з Беларусі дазволіла б ім хутчэй інтэгравацца ў грамадства.
,,«Бо калі б гэтая супольнасць, якая жыве тут, бачыла доўгатэрміновую перспектыву, інтэграцыйныя працэсы – вывучэнне літоўскай мовы, інтэграцыя ў нашую супольнасць – праходзілі б лягчэй. Калі няма яснасці, даводзіцца жыць на чамаданах, тады гэтая інтэграцыя не можа быць сапраўды паспяховай», – адзначыў Саўлюс Сквярняліс.
Нагадаем, што Міністэрства замежных справаў Літвы прапаноўвае падоўжыць дзеянне закону аб абмежавальных захадах у дачыненні грамадзянаў Беларусі і Расеі да 2 траўня 2026 года. У абгрунтаванні адпаведнай пастановы адзначаецца, што развязаная Расеяй вайна супраць Украіны працягваецца, таму прычыны для прыняцця закону «не зніклі».
Раман Шавель belsat.eu