Чыноўнікі пахваляюцца, што вакансіяў у Беларусі шмат, заробкі растуць, а калі працаўнікоў не хопіць, то завязуць іншаземцаў. Спыталі, што думаюць пра гэта эксперты.
У інтэрв'ю «Беларусь 1» міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка хваліцца паляпшэннем сітуацыі на рынку працы:
«Сёння рынак працы Беларусі – гэта акно магчымасцяў. […] З ростам вакансіяў таксама растуць прапановы наймальнікаў і ва ўмовах аплаты працы, і ў саміх умовах працы».
Распавяла чыноўніца і пра рост заробкаў паводле вынікаў першага кварталу. Гэтак, у будаўніцтве і сельскай гаспадарцы аплата працы вырасла ў сярэднім на чвэрць, а ў прамысловасці – на 17 %.
Аднак вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч перакананы, што гэтыя лічбы неабгрунтаваныя, бо эканоміка так не расце.
«Гэта можа прывесці толькі да аднаго – да значнай інфляцыі ў Беларусі, якая назапашваецца, якая ў выніку прыводзіць да рэкорднага ўзроўню імпарту ў беларускіх крамах. [...] Тое, што нейкая міністарка гэтаму радуецца, значыць, што яна вельмі неадукаваная, непісьменная ў эканоміцы, што яна не мусіць працаваць на сваім месцы», – кажа Аляксандр Кныровіч.
Агулам жа такая колькасць – 200 тысяч вакансіяў – сведчыць пра вялікі дэфіцыт працаўнікоў. Гэта пры тым, што пасля адмены абмежаванняў на памер пенсіі пенсіянерам, якія працуюць, з пачатку года на працу ў Беларусі вярнуліся 16 тысяч тых, хто раней сышоў на заслужаны адпачынак.
Гаворачы пра недахоп працаўнікоў, улады згадваюць пра дэмаграфічныя складанасці, аднак не акцэнтуюць увагі на галоўнай прычыне – масавай палітычнай эміграцыі ды рэпрэсіях. З аднаго боку, дзяржаўныя прадпрыемствы шукаюць працаўнікоў, з другога – працягваюць тэрарызаваць свае кадры, распытваючы пра палітычныя погляды, родных за мяжою, падпіскі на розных «экстрэмістаў», і нібыта толькі шукаюць зачэпкі, каб пазвальняць яшчэ больш спецыялістаў.

Падобна, што цяпер чыноўнікі шукаюць незвычайнае выйсце – беларусаў маюць замяніць іншаземцы з далёкіх краінаў.
11 красавіка Аляксандр Лукашэнка запрасіў на працу 150 тысяч пакістанцаў, а калі беларусы пачалі абурацца ў сацыяльных сетках, ён папракнуў грамадзянаў у нежаданні аддана працаваць ды нараджаць:
«У 2020 годзе ля Палацу Незалежнасці не пакістанцы бегалі».
«Калі з тысячы чалавек будуць у нас шэсцьдзясят ці сто чалавек іншаземцы – гэта нармальная практыка», – сказаў Лукашэнка.
Як чуем, ён не бачыць ніякай праблемы, калі кожны дзясяты працаўнік будзе замежнікам.
Прадстаўнік Беларускага прафсаюзнага руху Дзяніс Садоўскі лічыць, што гэта «выкліча вялікія сацыяльныя канфлікты ўнутры Беларусі»: «З прывозам такіх людзей Беларусь будзе мець шмат іншых праблемаў, якіх дагэтуль не мела».
З ім згодны і Аляксандр Кныровіч:
«Вядома, гэта была б катастрофа для краіны. Таму што ў Пакістане ўзровень непісьменнасці – амаль трыццаць адсоткаў. У Пакістане працуюць толькі трыццаць адсоткаў жанчын, астатнія не занятыя на працы. Гэта краіна, дзе гвалт – кожны дзень. Там каля тысячы тэрактаў на год».
І хоць эксперты называюць прыезд 150 тысяч пакістанцаў нерэальным, самая такая прапанова турбуе грамадскую думку.
Відэа з пакістанцамі, якія ўжо працуюць у Бабруйску, сабрала ў TikTok сотні тысяч праглядаў.
Вітаўт Сіўчык belsat.eu