Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармэр папрасіў урад аднавіць планы краіны на выпадак надзвычайнай сітуацыі і прывесці Вялікую Брытанію ў ваенную гатоўнасць пасля пагрозаў Крамля.
Сакрэтны дакумент будзе ўтрымліваць план дзеянняў ураду ў выпадку абвяшчэння вайны, у тым ліку эвакуацыю Кабінету Міністраў, каралеўскай сям'і і кампаніяў грамадскага вяшчання ў бункеры, а таксама назапашванне рэсурсаў.
Паводле звестак газеты «The Telegraph», гэты сакрэтны «план абароны радзімы» выкладзе стратэгію на першыя дні пасля ўдару па брытанскай зямлі варожай замежнай дзяржавы. Ён будзе ўключаць сцэнары, у якіх Брытанія падлягае ўдару звычайнымі ракетамі, ядравымі боегалоўкамі або кібератакамі, што раней лічылася абмежаванай пагрозай, бо план апошні раз істотна аднаўляўся 20 гадоў таму, яшчэ да 2005 года.
Але малаімаверна, што дакумент будзе апублікаваны ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі, калі наогул будзе апублікаваны, удакладняе выданне «The Telegraph».
План, які будзе распрацаваны аддзелам устойлівасці адміністрацыі Кабінету Міністраў, таксама дасць прэм'ер-міністру і Кабінету рэкамендацыі наконт таго, як кіраваць урадам у ваенны час і калі ім варта шукаць прытулку ў бункеры на Даўнінг-стрыт або за межамі Лондану.
Брытанскія чыноўнікі асабліва занепакоеныя абаронаю газавых тэрміналаў і пяці дзейных атамных электрастанцыяў, адкуль радыеактыўныя матэрыялы могуць прасачыцца па ўсёй краіне і выклікаць «значныя доўгатэрміновыя наступствы для бяспекі, здароўя, навакольнага асяроддзя і эканомікі».
Эксперты таксама адзначаюць, што ў Вялікай Брытаніі ёсць уразлівасці, у тым ліку газавыя тэрміналы, падводныя інтэрнэт-кабелі, атамныя электрастанцыі і ключавыя транспартныя вузлы. Кабінет Міністраў ужо распрацаваў сцэнар, пры якім варожая дзяржава адначасова наносіць ракетныя ўдары і праводзіць кібератакі, накіраваныя супраць гэтай інфраструктуры.
Адноўлены план будзе ўлічваць ваенныя стратэгіі для чыгуначных і дарожных сетак, судоў, паштовай сістэмы і тэлефонных ліній. Ён таксама ўпершыню будзе ўлічваць кібервайну, што цяпер лічыцца адной з самых вялікіх пагрозаў, з якімі сутыкаецца Лондан.
План распрацавалі на ўзор «Ваеннай кнігі» – сакрэтнага дасье часоў халоднай вайны з інструкцыямі пра тое, як урад павінен рэагаваць на ядравую атаку. Гэты дакумент пазней быў апублікавана ў Нацыянальным архіве.
Паводле гэтага плану, Брытанія была падзеленая на 12 зонаў, кожнай з якіх кіраваў бы адзін з міністраў, старэйшыя вайсковыя афіцэры, галоўныя канстэблі і суддзі з асаблівымі паўнамоцтвамі. У некаторых выпадках харчы і будаўнічыя матэрыялы павінны былі быць назапашаны загадзя, а затым выдадзеныя ў абмежаванай колькасці.
Нагадаем, расейскія чыноўнікі неаднаразова пагражалі Вялікай Брытаніі наўпроставым нападам за падтрыманне Украіны, а ў сакавіку Злучанае Каралеўства ўпершыню афіцыйна назвала Расею пагрозаю нацыянальнай бяспецы.
Брытанскія міністры лічаць, што Расея і яе саюзнікі могуць саступіць Вялікай Брытаніі ў ваеннай моцы на полі бою, у той час як у сябе ўдома краіна застаецца непадрыхтаванай і дрэнна абароненай.
Тэса Анэйда belsat.eu