навіны

Долар зноў абваліўся – ужо 2,95. Чаго чакаць ад узмацнення беларускай валюты?

Долар зноў абваліўся.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Курс долара ў абменніках апусціўся ніжэй за тры рублі. Амерыканская валюта ўпершыню за доўгі час прадаецца па такой нізкай цане. На гэтым фоне расейскі рубель, наадварот, даражэе. Разбіраемся, што адбываецца з грашыма і што гэта азначае для беларусаў?

На гандляваннях 6 траўня курс долара ЗША знізіўся на 2 капейкі і склаў 3,0127 рубля. Пра гэта сведчаць звесткі з Беларускі валютна-фондавай біржы. Еўра таксама патаннеў – на 4 капейкі, да 3,4 рубля. А вось расейскі рубель падаражэў: цяпер 100 расейскіх рублёў каштуюць 3,68 беларускага.


Але больш за ўсё беларусаў уразілі курсы ў камерцыйных банках: у «Сбербанку» за долар даюць 2,95 рубля, у «МТБанку» – 2,96 рубля.


Такія лічбы выглядаюць нечаканымі на фоне ўстойлівага росту цэнаў на прадукты і тавары. У 2024 годзе долар доўгі час трымаўся вышэй за 3,1 рубля. У выніку сёння курс апусціўся ніжэй не толькі афіцыйнай мяжы, але і псіхалагічнай.


«Калі долар таннейшы за тры, значыць, будзьце гатовыя, што нешта адбудзецца. У Беларусі так проста нічога не мяняецца», – жартуюць карыстальнікі ў сацсетках.


«Долар таннее, а каўбаса даражэе – вось вам і ўся макраэканоміка», – адказвае ім іншы каментатар.


Чаму долар таннее?


Фінансавыя аналітыкі звязваюць зніжэнне курсу долара з маніпуляцыямі Нацбанку і сезоннымі фактарамі. З пачатку года беларускі рубель перыядычна ўзмацняўся дзякуючы экспарту і абмежаванням на валютныя аперацыі, што зніжае попыт на долар.


Аднак на фоне высокай інфляцыі, падзення экспарту, санкцыяў і скарачэння валютных паступленняў ад рэальнага сектару эканомікі ўмацаванне рубля выглядае штучным. Эксперты не выключаюць, што гэта часовы эфект перад новым абвалам ці змяненнем валютнай палітыкі.


Да чаго рыхтавацца беларусам?



Нягледзячы на таннейшы долар, цэны ў крамах не зніжаюцца, а наадварот, працягваюць расці. Увесну 2025 года падаражэлі цукеркі, мясныя вырабы, агародніна і паліва. Гэта сведчыць, што курс – гэта толькі адзін з фактараў, а рэальныя даходы беларусаў працягваюць скарачацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат


Што чакае беларускі рубель у кароткай перспектыве


На думку эканамічнай аглядальніцы, журналісткі Вольгі Лойкі, «большая імавернасць хай на невялікую, але дэвальвацыю. Бо сітуацыя на беларускім рынку пагаршаецца, і неабходна падтрымаць экспарцёраў у Беларусі. На гэта неабходны слабы рубель, каб прадукцыя беларусаў была больш канкурэнтаздольная ў Расеі. Калі танны расейскі тавар кудысьці хлыне, гэта, з найвялікшай імавернасцю, будзе Расея. І таму беларускі тавар там акажацца ў вельмі цяжкай сітуацыі».


Той жа, хто абірае расейскі рубель, мусіць улічваць, што, паводле Лойкі, ён «пераацэнены на 20 %» і цяпер існуе ва ўмовах узмацнення ціску. Таму, найхутчэй, да канца 2025 года яго курс будзе зменшаны: «Не ляснецца, але для беларусаў гэта дастаткова заўважнае змяншэнне».


Раней у каментары «Белсату» эканамістка Анастасія Лузгіна казала, што падзенне долара (у тым ліку да еўра) – гэта рэакцыя фінансавых рынкаў на тое, што Доналд Трамп падняў тарыфы на імпартныя тавары з шэрагу краінаў, сярод якіх еўрапейскія дзяржавы і Кітай. Тарыфы азначаюць, што пры ўвозе тавараў у ЗША яны абкладаюцца дадатковым падаткам, то бок пакупнікам у ЗША прыйдзецца заплаціць больш.


На гэта адрэагавалі інвестары, якія чакаюць пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы ЗША, што паўплывала на курс долара.

,,

«Гэта можа сведчыць пра адток фінансавых рэсурсаў з Амерыкі ў сувязі з тым, што для інвестараў павышаюцца нявызначанасць і рызыкі, звязаныя з рашэннямі Трампа. Можна падумаць, што тарыфы павінны падтрымаць долар, таму што менш будзе імпарту праз падвышэнне коштаў. Але гэта пад пытаннем, бо рынак прыстасоўваецца», – казала Анастасія Лузгіна.


Тым часам крэдытны рэйтынг Беларусі лічыцца самым нізкім, а ў свеце разгортваецца гандлёвая вайна, ініцыяваная ЗША на чале з Доналдам Трампам.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10