54-гадовы беларус спрабаваў заехаць уласным аўтамабілем у Літву, але меў у аўце забароненую ў краіне савецкую сімволіку.
Як паведамляе выданне «Delfi» са спасылкаю на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT), на памежным пункце Мядзінінкай літоўскія памежнікі звярнулі ўвагу на аўтамабіль «Audi 90» з беларускімі нумарамі.
У салоне на бачным месцы на люстэрку быў прымацаваны сцяг з сімволікаю, звязанаю з савецкімі дэсантнікамі. На сцягу былі парашут, чырвоная зорка, самалёты, георгіеўская стужка, а таксама надпіс па-расейску «Ніхто, акрамя нас» і дата «2 жніўня 1930 г.».
У Літве публічная дэманстрацыя савецкай сімволікі, у тым ліку георгіеўскіх стужак ды іншых знакаў, звязаных з расейскай агрэсіяй супраць Украіны, забароненая з красавіка 2022 года.
54-гадовы грамадзянін Беларусі, які кіраваў аўтамабілем і атрымаў часовы від на жыхарства ў Літве летась у чэрвені, парушыў заканадаўства краіны.
Паводле Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях Літвы, распаўсюд або дэманстрацыя нацысцкай, камуністычнай або іншай таталітарнай сімволікі цягне за сабою штраф і канфіскацыю такіх прадметаў.
У выніку памежнікі адмовілі беларусу ва ўездзе, сканфіскавалі сцяг і наклалі штраф памерам 150 еўраў. Пасля завяршэння адміністратыўных працэдураў мужчына вярнуўся ў Беларусь.
Падобны выпадак адбыўся некалькі тыдняў таму на тым жа памежным пункце. Тады ў Літву не прапусцілі 33-гадовага грамадзяніна Беларусі, у аўтамабілі якой на лабавой шыбе быў размешчаны савецкі знак сярпа і молата з контурам тэрыторыі СССР, зробленым чырвоным колерам.
Раман Шавель belsat.eu