навіны

Літва плануе падоўжыць дзеянне абмежаванняў у дачыненні грамадзянаў Беларусі

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: tv3.lt
podpis źródła zdjęcia

Міністэрства замежных справаў Літвы прапаноўвае падоўжыць дзеянне закону аб абмежавальных захадах у дачыненні грамадзянаў Беларусі і Расеі да 2 траўня 2026 года.

Як паведамляе партал lrt.lt, у абгрунтаванні адпаведнага рашэння адзначаецца, што развязаная Расеяй вайна супраць Украіны працягваецца, таму прычыны для прыняцця закону «не зніклі».


«Дзеянні РФ маюць істотны негатыўны ўплыў не толькі на бяспеку Еўразвязу і краінаў чальцоў NАТО, але і на бяспеку Еўропы ў цэлым», – гаворыцца ў тлумачальным паданні да законапраекту.


Пры гэтым спікер Сейму Літвы Саўлюс Сквярняліс у інтэрв’ю BNS не выключыў магчымасці ўзмацнення абмежавальных захадаў:


«Я не сумняваюся, што пасля працэсу, які будзе называцца выбарамі ў Беларусі, нас чакае велізарны выклік. Пытанне пра санкцыі і іх маштабы, асабліва калі гаворка ідзе пра Беларусь, магчыма, зменіцца, але не ў бок змяншэння. Гэта звязана з пагрозай нашай нацыянальнай бяспецы».


Ён падкрэсліў, што ўсе гэтыя абмежаванні павінны быць «разумнымі» і не павінны парушаць інтарэсаў людзей, якім Літва «дала магчымасць часова жыць у краіне», але ўсе рашэнні належыць «разглядаць праз прызму бяспекі».


Нагадаем, упершыню літоўскі Сейм увёў нацыянальныя санкцыі для грамадзянаў Расеі і Беларусі ў 2023 годзе.


Урад Латвіі 18 снежня пастанавіў працягнуць узмоцнены памежны кантроль на мяжы з Беларуссю да 30 чэрвеня 2025 года дзеля захавання недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы, перадухілення пагрозаў дзяржаве, а таксама дзеля перадухілення пранікнення ў краіну асобаў у недазволеным месцы і ў недазволены час.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10