Неўзабаве навагодняя ноч, сталым атрыбутам якой ёсць святочны стол, а таксама шум і бляск петардаў, феерверкаў ды іншай піратэхнікі. Вось толькі такая забава можа скончыцца не яркімі ўражаннямі і эмоцыямі, а шпіталізацыяй.
Гэтак, у Баранавічах хлопчык 2014 году нараджэння пры спробе ўзарваць петарду атрымаў апёкі рукі. Яшчэ адзін няшчасны выпадак здарыўся ў Шклове, дзе 38-гадоваму мужчыну адарвала некалькі пальцаў пасля выбуху петарды. Акурат такія траўмы найбольш частыя ў выніку выкарыстання піратэхнікі.
,,«Хімічныя рэчывы, што знаходзяцца ў петардах, гараць пры вельмі высокіх тэмпературах. І гэта заўсёды спалучэнне хімічнага і тэрмічнага апёку. Калі гэта траўма канцавіны, то гэтая траўма, як правіла, пагражае ампутацыяй, бо выбуховая сіла петарды дастаткова моцная. Калі гэта траўма вока, то нават калі яна не страшна выглядае, – патрабуе медычнай дапамогі і кантролю за станам», – кажа педыятарка Мая Церакулава.
Апроч таго, выбух можа траўмаваць твар і галаву, пашкодзіць слых, апячы дыхальныя шляхі. Паводле медыкаў, штогод у Беларусі 30-40 асобаў цярпяць ад піратэхнікі, палова з іх – дзеці.

У выпадку атрымання пашкоджання, нават лёгкага, неабходна выклікаць хуткую. Да прыезду ж медыкаў – аказаць першую дапамогу самастойна. Пры раненні рукі – як мага хутчэй спыніць кроў і накласці жгут. Апёк ці рану трэба прамыць халаднаватай вадой.
«Калі траўмаванае вока, ёсць крывацёк, ёсць пашкоджанне – мы закрываем вока. І пажадана закрыць абодва вокі, бо калі мы закрываем адно вока і працягваем глядзець другім – пашкоджанае вока рухаецца, і можа дадаткова траўмавацца», – раіць Мая Церакулава.
Нярэдка петарды і феерверкі становяцца прычынамі ўзгарання. Гэтак, летась, паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, праз выкарыстанне святочных выбуховак адбылося пяць пажараў – між іншага, са смяротнымі ахвярамі. Ратавальнікі зазначаюць, што пачасціліся ввпадкі, калі піратэхніка спрацоўвае заўчасна, таму набываць раяць толькі вырабы першага класу бяспекі і ў сертыфікаваных крамах.
,,«Патрабаваць у прадаўцоў сертыфікат адпаведнасці на выкананне тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу па бяспецы піратэхнічнага вырабу. І дадаткова кансультавацца ў прадаўца наконт практыкі прымянення піратэхнічнага вырабу», – кажа прэс-сакратар Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Яўген Бараноўскі.
Зменшыць імавернасць няшчаснага выпадку дапамогуць пэўныя правілы. Гэтак, лепей не насіць выбуховыя вырабы ў кішэнях. Запаленыя феерверкі і петарды нельга трымаць у руках ці запускаць у бок людзей. Забараняецца запальваць петарду паўторна, калі яна не спрацавала. Дзеля бяспекі трэба абмежаваць доступ да піратэхнікі дзецям. Дапускаецца запуск феерверкаў ды іншых святочных агнёў толькі на адкрытым паветры і не ў месцах збору людзей.
«Калі гэта адбываецца ў грамадскіх месцах і парушае спакой грамадзянаў, то мы будзем расцэньваць як дробнае хуліганства. Калі ж будзе пашкоджанне маёмасці, то адпаведна ад ступені пашкоджання будзе прымацца рашэнне ў парадку крымінальнага або адміністратыўнага заканадаўства», – кажа прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Аляксандр Купчэня.
Набываючы піратэхніку, варта ведаць, што яе выкарыстанне палохае птушак, звяроў, у тым ліку хатніх гадаванцаў. Шум, выбухі і яркія ўспышкі прыводзяць да гібелі жывёлінаў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Ірына Дарафейчук, «Белсат»