Міністэрства лічбавага развіцця і «Раскамнагляд» у Расеі абмяркоўваюць магчымасць увядзення абмежаванняў на тэлефанаванні праз мэсэнджары ў сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў махлярства.
Разглядаюцца два сцэнары: блакаванне званкоў толькі з-за мяжы або поўная забарона на галасавыя выклікі праз мэсэнджары, паведамляе выданне «Коммерсантъ».
У Міністэрстве лічбавага развіцця заявілі, што пакуль не распрацоўваюць нарматыўныя дакументы, што абмяжоўваюць галасавы трафік у мэсэнджарах, хоць гаворка пра магчымасць блакавання вялася яшчэ з кастрычніка 2024 года.
У «Раскамнаглядзе» пакуль ніяк не пракаментавалі гэтую сітуацыю.
Паводле звестак кампаніі «МегаФон», каля 40 % махлярскіх званкоў у Расеі прыпадае на мэсэнджары, хоць тры гады таму гэты паказнік быў менш за 1 %. Аператары сувязі не маюць тэхнічнай магчымасці аналізаваць такія званкі і вызначаць краіну іх паходжання.
Дырэктар цэнтру супрацьдзеяння кібермахлярству кампаніі «Інфармабарона» Павел Каваленка адзначае, што каля 70 % махлярскіх званкоў праз мэсэнджары паступаюць з-за мяжы.
Трэба адзначыць, што калі ўсё ж тэлефанаванні праз сэрвісы аператыўнага абмену паведамленнямі будуць абмежаваныя, то карыстальнікі змогуць абменьвацца толькі тэкставымі паведамленнямі. Галасавыя выклікі можна будзе рабіць праз сеткі мабільных аператараў або стацыянарную сувязь, што значна павялічвае магчымасць праслухоўвання і кантролю з боку дзяржаўных органаў.
Раман Шавель belsat.eu