У Парыжы на Эйфэлевай вежы адбыўся пажар, праз які давялося эвакуяваць больш за тысячу чалавек.
Спецыяльныя службы аператыўна прыбылі на месца здарэння, пачалі тушэнне агню і адвялі турыстаў на бяспечную адлегласць ад сімвалу французскай сталіцы, паведамляе «Bild».
Як паведамляецца, Эйфэлева вежа цяпер зачыненая для наведвальнікаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, пажар узнік у шахце ліфта паміж першым і другім паверхамі. Адзін з відавочцаў напісаў у сацыяльных сетках: «На Эйфэлевай вежы цяпер пажар. Манумент толькі што эвакуявалі. Выратавальныя службы ачапілі тэрыторыю, але пажарныя пакуль не могуць дабрацца да агню».
Мясцовыя медыі паведамляюць, што з вежы былі эвакуяваныя каля 1200 чалавек. На цяперашні момант агонь лакалізаваны і патушаны. Пажарныя мяркуюць, што прычынаю ўзгарання сталася пераграванне прыстасавання каля кабеля аднаго з ліфтаў.
Нагадаем, што ў 2019 годзе ў саборы Парыжскай Божай Маці адбыўся пажар. Ён прывёў да абрушэння шпілю і часткі даху сабору, а таксама да пашкоджання ўнутраных частак будынку і некаторых каштоўнасцяў. У 2024 годзе рамонт сабору быў завершаны: 7 снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё, на якое былі запрошаныя лідары больш як 50 дзяржаваў.
Раман Шавель belsat.eu