навіны

Тэракт у Магдэбурзе: аўтамабіль збіваў людзей у натоўпе. Што вядома на гэты момант

Месца, дзе адбылася трагедыя. Фота: Craig Stennett / Getty Images
Месца, дзе адбылася трагедыя. Фота: Craig Stennett / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

20 снежня ў нямецкім горадзе Магдэбург адбылася трагедыя: аўтамабіль на вялікай хуткасці ўехаў у натоўп на калядным кірмашы. Інцыдэнт адбыўся ў цэнтры гораду, дзе сабраліся сотні гараджанаў, у тым ліку сем'і з дзецьмі.

Паводле звестак мясцовых медыяў, аўтамабіль праехаў каля чатырохсот метраў, збіваючы людзей. Частка пацярпелых здолела падняцца адразу, але шмат хто застаўся ляжаць на зямлі.


У выніку наезду загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку дзіця. Агульная колькасць пацярпелых павялічылася да 205. Шмат людзей атрымалі траўмы: 86 – сур'ёзныя, лёгкія раненні – у 78 чалавек.


«На гэты момант мы ведаем, што гэта злачынец-адзіночка, таму гораду больш нішто не пагражае. Кожнае чалавечае жыццё, страчанае ў выніку гэтага нападу, – жахлівая трагедыя, і нават аднаго чалавечага жыцця занадта шмат», – так пракаментаваў сітуацыю медыям прэм'ер-міністр зямлі Саксонія-Ангальт Райнэр Газэлёф


Кіроўцам аўтамабіля аказаўся 50-гадовы Талеб А., народзінец Саудаўскай Аравіі, які з 2006 года пражываў у Нямеччыне. Ён працаваў псіхіятрам і псіхатэрапеўтам, меў статус палітычнага ўцекача і дазвол на доўгатэрміновае перабыванне ў краіне. Раней ён звяртаўся па прытулак, сцвярджаючы, што яму пагражалі за адступніцтва ад ісламу.


Паводле звестак нямецкай прэсы, Талеб А. актыўна вёў дзейнасць у сацсетках, у тым ліку раіў саудаўскім жанчынам, як пакінуць сваю краіну, і публікаваў матэрыялы на ўласным сайце, звязаныя з палітычным прытулкам у Нямеччыне. 


За некалькі дзён да трагедыі ў адным з антыісламскіх блогаў з'явілася відэаінтэрв'ю, у якім Талеб А. сцвярджаў, што Нямеччына вядзе «сакрэтную аперацыю» супраць былых мусульманаў з Саудаўскай Аравіі. 


Акрамя таго, у лістападзе ён апублікаваў патрабаванні «ліберальнай саудаўскай апазіцыі», у якіх крытыкаваў палітыку адкрытых межаў экс-канцлера Ангелы Мэркель.


На момант расследавання ў доме падазраванага праводзіліся ператрусы. Паліцыя не мела звестак пра ягоныя сувязі з ісламістамі, але акалічнасці трагедыі выклікалі шырокі рэзананс у грамадстве.


Раман Шавель belsat.eu 



больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10