навіны

Заняпад ці развіццё? 100 гадоў споўнілася беларускаму кіно

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Прэм’еру фільму-фэнтэзі «Чорны замак» паводле раману Уладзіміра Караткевіча прымеркавалі да стагоддзя беларускага кіно. Знялі стужку «Беларусьфільм» і расейская кампанія «Нью Арт Синема Продакшн». Ці можна гэта назваць развіццём і ў якім стане сёння знаходзіцца незалежнае беларускае кіно, запыталі ў адмыслоўцаў.

«Калі мы ў 20-х гадах здымалі з дапамогай расейцаў, то бок бальшавікоў з РСФСР, то цяпер мы з новымі расейцамі, ужо не такімі ідэалагічнымі, ізноў нешта сумесна здымаем, бо самастойна не можам амаль нічога зрабіць», – кажа журналіст і кінакрытык, стваральнік каналу «Священный Белавуд» Тарас Тарналіцкі.

Дзень беларускага кіно адзначаецца 17 снежня, бо ў гэты дзень сто гадоў таму ў Ленінградзе стварылі Беларускае дзяржаўнае ўпраўленне кінематаграфіі і фатаграфіі – «Белдзяржкіно». Толькі ў 1939-м, пасля з'яднання Беларусі, студыю мастацкіх фільмаў перанеслі ў Менск. Аднак 1924 год лічыць пачаткам беларускага кіно нельга, мяркуе Тарас Тарналіцкі:

,,

«Яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы былі людзі, што стваралі беларускае кіно, то бок да прыходу бальшавікоў да ўлады на постсавецкай прасторы. Гэта быў Рыхард Штрэмэр, Уладзіслаў Старэвіч. Існавалі кінатэатры, якія паказвалі кіно з іншых краінаў, існавала кінакультура».


У прэс-канферэнцыі з нагоды стагоддзя беларускага кіно чыноўнікі хваляцца поспехамі. Сёлета знялі 25 стужак – і гэта амаль удвая больш, чым летась. Што ж гэта за стужкі? Напрыклад – «Культурны код». Паводле сюжэту студэнты Акадэміі мастацтваў атрымліваюць творчае заданне зняць дакументальны фільм пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі. Або фільм «Час вярнуцца», прэм'еру якога прымеркавалі да 9-га мая.

Паводле шматлікіх сведчанняў у сацсетках, на прагляд гэтых фільмаў гледачоў збіралі прымусова. Хоць чыноўнікі такія захады і адмаўляюць, але ўскосна прызнаюцца.

«Не будзем гэтага саромецца: калі школьны глядач, малады – сапраўды мы праводзім, і нашыя пракаты гэта практыкуюць, так званыя мерапрыемствы-кіналекторыі», – кажа кіраўніца аддзелу кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга.

Заявілі падчас прэс-канферэнцыі і пра шырокую міжнародную супрацу.

«Мы падпісалі дамовы з індыйскімі прадстаўнікамі наконт дыстрыбуцыі беларускіх фільмаў у Індыі і на гэта вельмі спадзяёмся. Таксама ў нас някепскія стасункі з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Цяпер заканчваецца і зацвярджаецца сцэнар фільму "На векі вечныя"», - кажа гендырэкатар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

У пачатку снежня, прызначаючы новага міністра культуры, Аляксандр Лукашэнка іначай ацаніў поспехі беларускага кінематографу:

«З усіх мастацтваў для нас найважнейшым з'яўляецца, канечне, кіно. І тое, што адбываецца ў нашым кінематографе, – гэта проста ганьба».

Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі не згадваюць істотнай часткі беларускага кіно, якая сёння змушана робіцца за межамі краіны. Разам з сусветнай кінаіндустрыяй незалежнае кіно перажывае складаныя часы праз змяншэнне фінансавання. Але ёсць і поспехі.

,,

«Вялікі поспех для незалежнага кіно – гэта поспех фільму Мары Тамковіч "Пад шэрым небам", прэм'ера якога адбылася на Tribeca, гэта вельмі класна», – кажа прадзюсарка, рэжысёрка, сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі Вольга Чайкоўская.


За межамі краіны дзясяты раз прайшлі кінафестывалі беларускіх фільмаў «Паўночнае ззянне» і Bulbamovie. Таксама дзее Беларуская незалежная кінаакадэмія, створаная ў 2022-м.

«У лютым 2024 года мы правялі другі раз стэнд беларускага кіно на кінарынку ў Берліне. Гэта адзін з найбуйнейшых кінарынкаў у свеце, European Film Market. А таксама зрабілі пітчынг праектаў беларусаў», – працягвае Вольга Чайкоўская.

Яшчэ адзін значны праект, што падсумоўвае гісторыю беларускага кінематографу, выйшаў на Youtube-канале культуролага і кінакрытыка Максіма Жбанкова «ШокінгКульт».

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10