10 снежня Аляксандр Лукашэнка зрабіў чарговую заяву пра тое, што ў Беларусі знаходзяцца дзясяткі ядравых боегаловак. Спыталі эксперта, ці сапраўды магло стацца так, што яны трапілі ў нашую краіну таемна ад усіх.
Пра тое, што ў Беларусь з Расеі прыехалі некалькі дзясяткаў ядравых боегаловак, Аляксандр Лукашэнка расказаў падчас наведвання барысаўскага прадпрыемства ААТ «ПАЖСНАБ».
«Я сюды ўвёз ядравыя боегалоўкі. Не адзін дзясятак штук. Многія пішуць: “А, гэта жарт, ніхто нічога не ўвёз”. Увезлі. А то, што яны кажуць, што гэта жарт, значыць, яны празявалі. Яны нават не прыкмецілі, як мы іх сюды завезлі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Аднак, на думку кіраўніка праграмаў бяспекі Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Паўло Лакійчука, Лукашэнка можа размясціць на сваёй тэрыторыі колькі захоча носьбітаў ядравых боезарадаў. Але гэта менавіта носьбіты, а не самі боезарады. Самі ядравыя боезарады патрабуюць абслугоўвання адпаведнымі спецыялістамі ў адпаведных умовах.
Для ўзнаўлення ракетна-тэхнічных базаў (РТБ), якія могуць абслугоўваць гэтыя ядравыя зарады, або стварэння новых, неабходна дастаткова шмат часу, кажа Лакійчук. Прыкладам таму, на яго думку, з’яўляецца спроба расейцаў правесці ўзнаўленне аб’екта «Феадосія-13» у Крыме, якое цягнецца ўжо восем гадоў.
,,«Гэтага часу Лукашэнка не меў. Або ён праводзіў гэта таемна», – кажа Паўло Лакійчук.
Другі момант, на які звяртае ўвагу суразмоўца «Белсату», – гэта персанал. У Расейскай Федэрацыі абслугоўваннем ядравых боезарадаў займаюцца прадстаўнікі 12-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства абароны – гэта персанал, навучаны на спецыяльных аб’ектах.
«У Беларусі ж сваіх падрыхтаваных спецыялістаў для абслугоўвання адпаведных аб’ектаў няма. То бок або гэта будуць расейскія спецыялісты, якія будуць на расейскіх прадпрыемствах – аб’ектах абслугоўвання ядравых боегаловак іх падтрымліваць у [добрым] тэхнічным стане і перадаваць на пускавыя ўстаноўкі, на носьбіты ў Беларусь, або Лукашэнка блефуе», – сцвярджае Лакійчук.
На рэпліку Лукашэнкі аб тым, што тыя, хто кажа, што ядравай зброі ў Беларусі няма, проста не прыкмецілі, калі яе перавозілі, эксперт адказаў іншым прыкладам.
,,«Калісьці сябра і таварыш Лукашэнкі Пуцін вырашыў забіць свайго апанента – афіцэра ФСБ Літвіненку. Для таго, каб яго забіць, радыеактыўны палоній у мінімальных колькасцях працягнулі праз усю Еўропу. І відавочна, забойцы лічылі, што следу яны за сабой не пакінулі. А аказалася – наслядзілі па ўсёй Еўропе. Так што перамясціць ядравыя боегалоўкі з адной кропкі ў другую і не пакінуць следу не атрымаецца, фізіку вучыць трэба», – падкрэсліў Паўло Лакійчук.
Развіўшы гэтую думку, суразмоўца яшчэ раз падкрэсліў, што ядравыя боегалоўкі – гэта плутоніевыя або ўранавыя зарады з высокаўзбагачаным радыеактыўным рэчывам, якія перамясціць з аднаго пункту ў другі так, каб не пакінуць слядоў, практычна немагчыма. Любое перамяшчэнне ядравых зарадаў лёгка фіксуецца адпаведнымі прыборамі, у тым ліку і з космасу.
Раман Шавель belsat.eu