Рэдактар і ўласнік гарадзенскага блогу S13 Сяргей Чабоцька не выйшаў на волю пасля 45 содняў адміністратыўнага арышту, паведамляе Hrodna.life.
Трэці арышт Сяргея Чабоцькі на 15 содняў скончыўся 7 снежня, аднак яго не вызвалілі. Пры гэтым пра новы суд паводле адміністратыўнай справы інфармацыі не было. Імаверна, мужчыну ўзялі пад варту.
Сяргея Чабоцьку затрымалі 23 кастрычніка. Яго судзілі тройчы — за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «пікет» у інтэрнэце. Напрыканцы кастрычніка сталася вядома, што кантэнт блогу S13 і яго сацсеткі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Сайт s13.ru меў вялікую папулярнасць сярод гарадзенцаў, некаторыя матэрыялы на ім набіралі да 100 тысячаў праглядаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu