навіны

У Офісе Ціханоўскай расказалі, як арганізоўвалі эвакуацыю Муравіцкага з Грузіі

Аэрапорт Вільні. Фота: ltou.lt
Аэрапорт Вільні. Фота: ltou.lt
podpis źródła zdjęcia

Дарадца абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў расказаў «Белсату» падрабязнасці эвакуацыі затрыманага на пратэстах у Грузіі беларуса Яўгена Маравіцкага.

«Мы ўсім Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам адразу, як толькі атрымалі інфармацыю, уключыліся ў справу і хацелі дапамагчы Яўгену. У тым ліку звязаліся з беларускімі праваабаронцамі ў Грузіі. З боку Офісу і юрыдычнай каманды мы падрыхтавалі суправаджальныя дакументы, што перадалі праваабаронцам і што можна было выкарыстоўваць для абароны Яўгена», – адзначыў Леанід Марозаў.


Паводле яго, таксама дэмсілы звязаліся з літоўскімі праваабаронцамі і ўладамі Літвы, «каб аператыўна спрацаваць».

,,

«І тут трэба адзначыць асаблівую ролю, вядома, літоўскіх праваабаронцаў і ўладаў Літвы, і амбасады Літвы ў Грузіі, якія ў экстранныя тэрміны за адзін дзень зрабілі візу і дапамаглі чалавеку бяспечна з’ехаць з краіны. І як мы цяпер ведаем, можна быць упэўненымі: ён ужо ў бяспецы ў Літве», – сказаў Марозаў.


Дарадца Ціханоўскай адзначыў, што неўзабаве ў Яўгена Муравіцкага маглі б забраць пашпарт, таму было змеркавана «тэрмінова зрабіць візу і не ставіць пад небяспеку беларуса, не дадаваць стрэсу, дапамагчы яму выехаць у бяспечнае месца».

25-гадовы Яўген Муравіцкі быў затрыманы на акцыі пратэстаў у Грузіі 30 лістапада. Хлопец быў у ліку тых, каго паліцыя спрабавала выціснуць з праспекту Руставэлі.

,,

«Падчас затрымання некалькі разоў стукнулі, у тым ліку па шыі, распылілі ў твар пярцовы газ, працягнулі прыкладна 50 метраў па зямлі, паклалі тварам у асфальт, пасля чаго затрымалі. У аўтазаку, у якім везлі яшчэ прыкладна 10 затрыманых, не збівалі. Агулам мне пашанцавала, бо на акцыях пратэсту бачыў сур'ёзна збітых грузінаў», – казаў «Белсату» Яўген.


У пастарунку, як ён сам апавёў, стаўленне да яго было здавальняючае. Склалі пратакол, медыкі правялі агляд. Амаль 48 гадзінаў беларуса пратрымалі ў «даволі прыстойнай» двухмясцовай камеры, давалі ежу і агулам ставіліся добра. Аднак медычнай дапамогі, што была патрэбная беларусу з увагі на стан здароўя, цягам усіх гэтых дзён яму атрымаць не ўдалося.

Пасля вызвалення з СІЗА маладому чалавеку далі зразумець, што ў хуткім часе яму давядзецца пакінуць Грузію. Яго выклікалі ў Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі, але дэпартаваць у Беларусь не наважыліся: параілі добраахвотна пакінуць Грузію і адначасова дазволілі падаць заяву на статус уцекача.

Нягледзячы на тое што беларусу дазволілі падаць дакументы на міжнародную абарону, з меркаванняў бяспекі ён пастанавіў з'ехаць з краіны.


7 снежня праваабаронца Раман Кісляк паведаміў «Белсату», што Муравіцкі ў самалёце на шляху ў Вільню.

Якуб Хруст, Ірына Дарафейчук belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10