навіны

«Тупы традыцыяналісцкі дыскурс». У школьных класных журналах «законных прадстаўнікоў» замянілі на «бацькоў»

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
podpis źródła zdjęcia

Міністэрства адукацыі пастанавіла змяніць тыповую форму класных журналаў. Цяпер там замест «законных прадстаўнікоў» будуць «бацькі». Аналітык Вадзім Мажэйка ў каментары «Белсату» ахарактарызаваў гэтую змену так: «Досыць тупы традыцыяналісцкі дыскурс».

Пастанову пра навінку ў класных журналах апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Дакумент падпісаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.


З наступнага навучальнага года ў графе класнага журнала «Прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку (калі такое маецца) законных прадстаўнікоў вучня» будзе «Прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку (калі такое маецца) бацькоў вучня».


Раней такія змены зазналі вучнёўскія дзённікі. З гэтага навучальнага года там з'явілася фраза «Подпіс бацькоў» замест «Подпіс законных прадстаўнікоў». У Мінадукацыі тады сцвярджалі, што «неаднаразова атрымлівалі звароты грамадзянаў», якія прасілі пераменаў.


Каардынатар «Нашай Візіі» Вадзім Мажэйка ў размове з «Белсатам» адзначыў, што фармулёўка ў школьным журнале не такая ўжо і важная: «Юрыдычна нічога не зменіцца, і ўсё роўна, калі дзіця сірата ці ў яго апекуны, то ўсё адно ад гэтага нічога не зменіцца».


Аналітык пры гэтым заўважыў тут «непрыемны сімптом»:

,,

«Гэта адгалоскі расейскага інфармацыйнага дыскурсу наконт таго, што „на дрэнным Захадзе бацька № 1 і бацька № 2, а ў нас мусяць быць маці і тата“, таму трэба, каб былі не нейкія законныя прадстаўнікі няясных гендараў, а бацькі. Такі досыць тупы традыцыяналісцкі дыскурс, што ў кожнага дзіцёнка мусяць быць маці і бацька, жанчына і мужчына, і аніяк іначай».


Жыццё, як водзіцца, больш складанае, і рэчаіснасці новая бюракратычная фармулёўка не адпавядае:


«Дзеці гадуюцца ў аднаполых сем'ях маці і бабулі, у дзяцей бываюць іншыя законныя прадстаўнікі, напрыклад, калі бацькі памерлі і законны прадстаўнік – дзядзька ці бабуля. Юрыдычна бываюць розныя законныя прадстаўнікі».


Разам з тым такія «гульні» з бацькамі і законнымі прадстаўнікамі могуць траўмаваць дзіцяці. Мажэйка згадаў выпадак школьных часоў, калі класу загадалі вучыць верш пра маці, а ў аднакласніка маці нядаўна памерла.


«Я добра памятаю, як пачуваўся мой аднакласнік. Тут галоўнае – не надпіс, а як сябе паводзіць настаўнік – варта быць гнуткім, занурацца ў дэталі, зразумець, што, напрыклад, майму аднакласніку не трэба было той верш вучыць або наагул усяму класу не варта было вучыць, калі ёсць такая сітуацыя», – разважае эксперт.


Дарэчы, цяпер настаўнікі будуць запісваць у класныя журналы не толькі тэлефон бацькоў (або іншых законных прадстаўнікоў), але і іх род заняткаў і месца працы.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10