Дзеля «забеспячэння грамадскага парадку на мяжы Літвы» ад сёння абавязковай стала папярэдняя рэгістрацыя грузавых аўтамабіляў у электроннай чарзе пры перасячэнні межаў з Беларуссю і Расеяй.
Адпаведны дакумент быў прыняты яшчэ 13 лістапада бягучага года. Яго падрыхтавала Міністэрства транспарту Літвы. Адзначалася, што пастанова накіраваная на «рэгуляванне чэргаў грузавых аўтамабіляў, якія ўтвараюцца на дарозе ў памежных пунктах пропуску», а таксама для «забеспячэння грамадскага парадку на мяжы Літвы».
Распрацоўшчыкі мяркуюць, што з увядзеннем абавязковай рэгістрацыі колькасць грузавых транспартных сродкаў, якія стаяць у жывой чарзе для перасячэння мяжы Літвы, «істотна скароціцца».
Ад сёння ўсе грузавыя транспартныя сродкі, якія накіроўваюцца ў памежныя пункты «Мядзінінкай», «Шальчынінкай» і «Кібартай» на мяжы з Беларуссю і Расеяй, павінны будуць загадзя браніраваць выбраны час перасячэння мяжы ў інфармацыйнай сістэме кіравання чаргой (EVIS). Калі грузавы транспартны сродак прыбудзе ў зону чакання без рэзервавання часу на перасячэнне мяжы, ён зможа зарэгістравацца ў пункце EVIS на найбліжэйшы вольны час.
Як паведамляе «Позірк», Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра крызіснага ўпраўлення Вільмантас Віткаўскас нагадаў, што для абароны грамадзянаў Літвы і памяншэння іншых пагрозаў, якія «зыходзяць ад беларускага рэжыму», Літва закрыла чатыры памежныя пункты пропуску, таму на астатніх – у «Мядзінінкаі» і «Шальчынкаі» – «перыядычна сталі ўзнікаць лагістычныя і іншыя праблемы, што перашкаджала не толькі перавозчыкам, але і жыхарам навакольных раёнаў».
У сваю чаргу генеральны дырэктар Мытнага дэпартаменту Літвы Дарус Жвіронас лічыць, што папярэдняя рэгістрацыя «дапаможа правільна спланаваць рэсурсы мытнікаў па праверцы дэкларацый і грузаў на мытных пасадах з улікам грузапатокаў, а значыць, больш эфектыўна забяспечыць кантроль і палепшыць прапускную здольнасць мытных пастоў».
Таксама ён адзначыў, што сёлета на пад’ездзе да памежнага пункта ў «Шальчынінкай» дабудоўваецца новая зона чакання, якая зможа змясціць да 550 аўтамабіляў.
Нагадаем, краіны ЕЗ закрылі частку пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю праз абвастрэнне адносінаў з Менскам пасля падзей 2020 года. Сярод іншага, закрыццё сумежных пунктаў пропуску з беларускім бокам звязанае з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ, які працягваецца ад вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Масквы.
Надзея Вольная belsat.eu