Валянцін Цішко, нарадзінец Маладзечна, колішні актывіст руху «За свабоду», ЛГБТ-актывіст, іерадыякан Грэцкай аўтакефальнай царквы, з’ехаў з Беларусі ў лютым 2021 года. З таго часу пачалася гісторыя ягоных спробаў легалізацыі ва Украіне, Нямеччыне, а цяпер – Польшчы. Надоечы беларуса дэпартавалі з Нямеччыну ў Польшчу для разгляду прашэння аб прытулку. Пагутарылі з Валянцінам пра змаганне за легальны статус, розніцу паміж стаўленнем да ўцекачоў у Нямеччыне і Польшчы (спойлер – не на карысць апошняй), галоўную праблему ўсіх беларусаў, якія чакаюць прытулку.
Першая дэпартацыя: з Украіны ў Польшчу
Валянцін Цішко пакінуў Беларусь 6 лютага 2021 года, калі пачаліся арышты ягоных сяброў і калегаў па руху «За свабоду». Актывіст разумеў, што прыйдуць і за ім – гэта пытанне часу. Паехаў Валянцін ва Украіну, дзе напрыканцы 2021 года папрасіў міжнародную абарону, аднак атрымаць яе не паспеў – пачалася вайна.
«І ва Украіне ўсім рэзка стала не да ўцекачоў, а тым больш – не да ўцекачоў з Беларусі, хоць праз пэўны час я атрымаў від на жыхарства», – зазначае наш суразмоўца.
Увесну 2023 года беларус зноў папрасіў прытулку. У пачатку траўня яго выклікалі ў міграцыйную службу Украіны, дзе ўручылі пратакол аб тым, што ён знаходзіцца ў краіне нелегальна, хоць рашэння па прашэнні аб прытулку яшчэ не было, пасля чаго вывезлі ў Польшчу. Валянцін здолеў тады адстаяць свае правы і дамагчыся, каб яму дазволілі вярнуцца ва Украіну. Аднак ужо неўзабаве зноў давялося задумацца пра пераезд – пасля выхаду ўказу аб забароне беларусам мяняць пашпарты за мяжой.
У Валянціна як раз неўзабаве мусіў скончыцца пашпарт. Паехаць у Беларусь па новы ён не мог, бо баяўся, што і праз свой былы актывізм, і праз тое, што ён як валанцёр працаваў з украінскімі вайскоўцамі, на радзіме на яго могуць «павесіць» крымінальныя справы, у тым ліку, за здраду дзяржаве, хоць Валянцін падкрэслівае, што сам ён ніколі не трымаў у руках зброю.
Другая дэпартацыя: з Нямеччыны ў Польшчу
8 лютага 2024 года Валянцін выехаў з Украіны ў Нямеччыну, дзе падаўся на часовую абарону ад вайны паводле параграфу 24, які дзейнічае ў гэтай краіне для ўкраінцаў, што ратуюцца ад баявых дзеянняў.
,,«Нямеччына пратрымала мяне ў зямлі Рэйн-Вестфалія месяцаў 5. Кожны дзень кармілі абяцаннямі: прынясіце такі дакумент, а дайце яшчэ вось такі, а ўрэшце даслалі ліст, што не могуць даць мне статус па 24 параграфе, бо ў мяне сканчаецца пашпарт. Падчас вуснай размовы мне прапаноўвалі вярнуцца ў Беларусь і зрабіць пашпарт. А яшчэ неяк нямецкі сацыяльны супрацоўнік фактычна прымусіў мяне пры ім тэлефанаваць па гучнай сувязі ва ўкраінскую амбасаду ў Нямеччыне і пытацца, ці не выдасць мне, грамадзяніну Беларусі, Украіна ўкраінскі пашпарт, бо мой беларускі сканчаецца. Зразумела, што гэта было немагчыма», – распавядае актывіст.
У чэрвені беларус атрымаў ліст, у якім тлумачылася, што ў Нямеччыне змянілася заканадаўства, і ўкраінскага часовага дазволу на жыхарства цяпер недастаткова для атрымання абароны паводле параграфу 24. Валянціну прапанавалі выбар: ці падавацца на статус уцекача ў Нямеччыне, ці выязджаць з краіны. Наш суразмоўца выбраў першы варыянт і ў жніўні 2024 падаў прашэнне аб прытулку. Але ўжо 19 лістапада мужчыну дэпартавалі з Нямеччыны ў Польшчу.
«Пакуль мяне везлі немцы, некалькі разоў спыняліся папаліць»
«Прычына зразумелая і лагічная – Дублінскае пагадненне, Справа ў тым, што з Украіны ў Нямеччыну я ехаў праз Польшчу і па польскай візе», – тлумачыць актывіст.
Паводле Дублінскага пагаднення, краіна можа перадаць разгляд прашэння аб прытулку ў першую бяспечную краіну ўезду ці ў тую, якая выдала візу. У Польшчы ж як першай краіне ўезду пасля Украіны, Валянцін не збіраўся прасіць абарону, бо ўвогуле спачатку не разглядаў для сябе статус уцекача, а хацеў атрымаць часовую абарону ад вайны ва Украіне.
Валянцін распавёў нам, як выглядаў працэс дэпартацыі:
«Нямецкая міграцыйная служба мяне забрала з лагеру для ўцекачоў у Нямеччыне, на машыне давезлі да польскага боку, дзе перадалі польскім памежнікам і польскай міграцыйнай службе. Цікавая розніца ў стаўленні нямецкай міграцыйнай службы і паліцыі, якая цябе дэпартуе, і польскага боку. Пакуль мяне везлі немцы, мы некалькі разоў спыняліся, у прыбіральню, нават папаліць – паліцыя пыталася, ці палю я, каб казаў, калі трэба – яны спыняцца».

Польскі бок прыняў ветліва, кажа беларус, аднак пасля афармлення дакументаў на мяжы дабірацца да лагеру адправілі самастойна.
«Не мае значэння, першы раз ты ў Польшчы ці які – табе даюць адрас і кажуць – едзь. Так я праз палову Польшчы дабіраўся да лагеру для ўцекачоў», – зазначае актывіст.
Талерантнасць да ЛГБТ-уцекачоў
Непрыемна здзівілі Валянціна і паводзіны некаторых польскіх памежнікаў, з якімі давялося камунікавць на мяжы і ў лагеры для ўцекачоў.
,,«Яны запытваліся ў беларусаў, ці не хочуць яны назад у Беларусь вярнуцца. Я не ведаю, што гэта – няўдалы жарт, падколка, спроба пайграць на нервах уцекачоў ці працэдурнае пытанне. Але для параўнання – немцы такіх пытанняў не задавалі. Я не думаю, што гэта працэдурнае пытанне, бо калі чалавек падаецца на міжнародную абарону, то напэўна ж ён не хоча вяртацца назад у Беларусь», – распавядае Валянцін.
Цішко некаторы час знаходзіўся ў размеркавальным лагеры для ўцекачоў пад Варшавай, потым яго захацелі перавесці ў іншы – сталы. Аднак, дзякуючы намаганням польскіх актывістаў і праваабарончых арганізацыяў, нашаму суразмоўцы дазволілі пераехаць у шэлтар для прадстаўнікоў ЛГБТ.
Валянцін зазначае, што польскія месцы ўтрымання ўцекачоў істотна адрозніваюцца ад нямецкіх, і не ў лепшы бок.
«Вялікая праблема ў маёй сітуацыі ў тым, што Польшча не зусім талерантная да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. І тут, і ў Нямеччыне я падаваўся на ўцякацтва як ЛГБТ-актывіст. У Нямеччыне гэта асобная працэдура, для ЛГБТ-уцекачоў ёсць асобныя лагеры – я ў такім быў. У Польшчы гэтага няма, зусім адсутнічае палітыка талерантнасці. Палітыка гэтых двух краінаў у дачыненні да ўцекачоў вельмі розная, як неба і зямля», – кажа Валянцін.
«Пытанне, як захаваць сваё ментальнае здароўе»
Такая сітуацыя – складаная для Валянціна, ён адчувае сум, баіцца, церпіць ад нявызначанасці і немагчымасці будаваць планы на жыццё нават на бліжэйшыя паўгода. Дапамагаюць беларусу сябры, знаёмыя, былыя і цяперашнія калегі. Да беларускіх дэмакратычных сілаў, Офісу Святланы Ціханоўскай ці Аб’яднананага пераходнага кабінету актывіст не звяртаўся, бо не лічыць, што яны змогуць нечым дапамагчы.
«Першая і асноўная праблема, з якой цяпер сутыкаецца беларускі ўцякач у Польшчы – гэта фінансавая праблема для здыму жытла, пакуль ты чакаеш дазвол на працу. Не ўпэўнены, што Офіс і Кабінет дапамогуць з вырашэннем гэтага пытання – арэнды жытла. Хіба што з юрыдычнымі пытаннямі да іх можна звярнуцца, але я пакуль з такімі асабліва не сутыкаўся», – кажа Валянцін.
Патрэба ў арэндзе ўласнага хаця б пакою стаіць сапраўды востра, бо ў польскім лагеры – даволі складаныя ўмовы, зазначае ўцякач.
«У пакоі, дзе я жыву – 8 чалавек. Тут не тое што не да пытання тваёй праваабарончай, актывісцкай дзейнасці. Тут стаіць пытанне, як захаваць ментальнае здароўе ад таго, у якіх умовах ты жывеш», – кажа Валянцін.
«Ва Украіне адчуваў сябе спакайней, чым у Польшчы»

У нямецкіх лагерах, паводле актывіста, людзей рассяляюць у адзін пакой па моўнай прыкмеце, сочаць за тым, каб суседзі па пакоі ведалі нейкую агульную мову.
«Вы можаце быць розных нацыянальнасцяў, напрыклад, з Беларусі, Таджыкістану, Казахстану, Расеі, Украіны, але вы зможаце размаўляць на адной мове, вы здолееце дамаўляцца. У нас у пакоях поўны вінегрэт, хоць людзей, якія размаўляюць па-расейску, у лагеры дастаткова – недзе адсоткаў 30 – 40 ад агульнай колькасці. Але ўсе яны раскіданыя па розных пакоях. У некаторых маіх суседзяў – выхадцаў з Самалі, Венесуэлы, Кубы – трошкі іншы распарадак дня. Мы пасля 22:00 збіраемся спаць, а ў іх толькі пачынаецца жыццё, таму складана адаптавацца. Я ўжо тыдзень у лагеры, і ў мяне праблемы са сном», – распавядае Валянцін.
Таксама беларус прыгадвае, што ў Нямеччыне – звычайная з’ява, калі ўцекачы жывуць у звычайным доме на некалькі паверхаў у цэнтры гораду. У Польшчы для прасіцеляў прытулку ёсць ці магчымасць арэндаваць кватэру самастойна, але тады і аплочваць яе давядзецца самаму, ці жыць у лагеры для ўцекачоў.
«У Польшчы ёсць толькі 10 лагераў для ўцекачоў. І частка з іх, не магу сказаць якая, але некалькі лагераў я паглядзеў, куды найчасцей адпраўляюць беларусаў, знаходзяцца далёка да буйных гарадоў і найчасцей проста пасярод лесу, да якіх нават цяжка дабрацца», – зазначае беларускі ўцякач.
Валянцін хоча спадзявацца на цуд, што Украіна прыдумае нейкае выйсце для беларусаў, у якіх быў ці ёсць цяпер від на жыхарства ва Украіне, але скончыўся беларускі пашпарт.
«Я б вярнуўся ва Украіну. Як бы гэта ні гучала дзіўна, але там было спакайней і я сябе адчуваў больш упэўнена, чым сёння тут, у Польшчы», – рэзюмуе беларускі актывіст.
Ганна Ганчар belsat.eu