Раніцай 25 лістапада ў Вільні побач з жылым домам упаў грузавы самалёт, пасля чаго пачаўся моцны пажар.
Раніцай у панядзелак у сталіцы Літвы адбылася трагічная падзея, паведамляе Delfi.lt. Паводле паліцыі, а 6:31 паступіла інфармацыя, што на вуліцы Жырню разбіўся грузавы самалёт. На борце былі чатыры чалавекі: два пілоты і два працаўнікі.
Самалёт упаў побач з двухпавярховым жылым домам. Як паведамляе аддзел каардынацыі Дэпартаменту пажарнай бяспекі і ратавання, аднаго з пілотаў удалося вызваліць з-пад абломкаў, ён прытомны.
У шпіталь даставілі двух пацярпелых, адзін чалавек загінуў. Звестак пра жыхароў дому пакуль няма. На месцы аварыі працуюць сем пажарных машынаў і адмыслоўцы аэрапорту.
Згодна з інфармацыяй, самалёт належыць кампаніі «DHL», якая яго арандавала. Лайнер вылецеў з Ляйпцыгу і кіраваўся пад аператарам «Swiftair».
Выданне таксама прыгадвае: амерыканскае «The Wall Street Journal» раней пісала, што ў ліпені ў лагістычных цэнтрах «DHL» у Ляйпцыгу і Бэрмінгэме адбыліся два таямнічыя выбухі.
Паводле заходніх спецслужбаў, гэта была сакрэтная аперацыя расейскай выведкі. Мэтай аперацыі быў падрыў не лагістычных цэнтраў, а пасажырскіх і транспартавых самалётаў, якія перавозяць небяспечныя грузы. Выбуховыя прылады былі замаскаваны пад электрамасажоры, у якіх замест электронных дэталяў было лёгкаўзгаральнае рэчыва.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Раман Шавель belsat.eu