У Беларусі ва ўсю рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў – запужваюць людзей, каб ставілі подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Тым часам працягваюцца рэпрэсіі за пратэсты пасля выбараў 2020 года – у Менску судзяць адразу чатыры сям’і. Больш падрабязна пра гэта і іншыя парушэнні правоў у штодзённым аглядзе.
Подпіс за кандыдата пад прымусам
На беларусаў ціснуць падчас збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. Людзям пагражаюць звальненнем, высяленнем з інтэрната ды іншае. Усё, каб яны паставілі подпіс за Аляксандра Лукашэнку, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
«Працаўнікоў запалохваюць магчымымі праверкамі подпісаў у спісах, але не ўдакладняюць, якімі наступствамі для іх гэта скончыцца. Аднак папярэджваюць, што калі знойдуць подпіс, пакінуты ў падтрымку іншых кандыдатаў, то не падоўжаць кантракт», – распавядае «Вясна».
У медуніверсітэтах подпісы сярод студэнтаў збіраюць проста ў будынку навучальнай установы, прычым кантралююць, хто падпісаўся, а хто не, звяраючыся літаральна па пашпартах.
Пад суд чатыры сям’і
У Менску на гэтым тыдні за ўдзел у пратэстах судзяць адразу чатыры сям’і. 19 лістапада пачынаецца суд над Ганнай, Іннай і Раманам Усманавымі, а таксама Кірылам Селязнёвым. Усіх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Суддзя – Дзмітрый Лукашэвіч.
Па такому ж артыкуле судзяць Кацярыну і Ігара Грамовічаў. Працэс вядзе суддзя Таццяна Полулех.
21 лістапада распачнецца суд над Маркам Куніцкім і Ірынай Пратазанавай-Куніцкай у судзе Кастрычнікага раёна Мінска. Разглядаць справу прызначана суддзя Алена Жывіца.
22 лістапада будуць судзіць чацвёртую сям’ю: Ганну, Таццяну і Андрэя Вашчышыных. Суддзя – Юлія Крэпская.
А былую палітзняволеную Ірыну Пярцову судзяць нібыта за распаўсюд экстрэмізму. Ірына – выхавальніца ў дзіцячым садку, яна была затрымана напрыканцы верасня 2021 года па крымінальнай справе за перформанс на гарадскіх могілках, калі кампанія маладых людзей усталявала на магілу партрэт Лукашэнкі і адкаркавала шампанскае. Яе асудзілі да 2 гадоў калоніі. Па вызваленні з калоніі жанчыну асудзілі нібыта за несанкцыянаванае пікетаванне і пакаралі штрафам у памеры 1850 рублёў.
У Вушацкім судзе судзяць настаўніцу Вольгу Жыткую, якую ў 2012-м годзе заносілі на раённую Дошку гонару, а ў 2024-м – публічна абражаў прапагандыст Андрэй Мукавозчык. Жанчыну вінавацяць у «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП.
1000 дзён вайны – 200 крымінальных спраў
За 1000 дзён поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі пакаралі крымінальнымі справамі мінімум 200 чалавек за салідарнасць з Украінай.
«Па дадзеных на люты мінімум 1671 беларус быў затрыманы за праяву антываеннай пазіцыі – людзей катавалі, трымалі ў нечалавечых умовах, прысуджалі штрафы ці содні, а таксама вялікія тэрміны зняволення», – піша «Вясна».
Арсен Рудэнка belsat.eu