У імкненні выкараніць любое іншадумства ў краіне беларускія ўлады праводзяць не толькі палітычны пераслед. Яны спрабуюць выкараніць з грамадства наогул любую «іншасць», а таму актыўна ўзяліся за рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў супольнасці ЛГБТК+. І гэтыя факты, на жаль, часта застаюцца ў ценю. Праваабаронцы з «Прававой ініцыятывы» падрыхтавалі адмысловую справаздачу, якая пралівае святло на тое, у якім жаху даводзіцца жыць прадстаўнікам гэтай супольнасці ў Беларусі апошнім часам.
Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца
На самай справе не сакрэт, што адмысловага закону аб прапагандзе ЛГБТК у Беларусі пакуль не існуе, адзначыла падчас прэс-канферэнцыі, на якой 19 лістапада была прадстаўлена справаздача «Прававой ініцыятывы», ЛГБТК+ актывістка Наста Базар. Але такі закон ёсць у Расеі.
«Чаму мы яго ўспамінаем? Таму што, на жаль, праваахоўныя органы і нават частка ЛГБТК-супольнасці Беларусі ўпэўненая, што гэты закон ёсць. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як Беларусь жыве па расейскім наратывам», – адзначае Наста Базар.
У справаздачы адмыслова прыводзіцца выпадак, што здарыўся з адной з прадстаўніц ЛГБТК-супольнасці, якой прама так і казалі: «Калі ў Расеі забаронена, значыць, гэта павінна быць забаронена і ў Беларусі».
Але ўсё ж у Беларусі ёсць адзін заканадаўчы акт, які тым ці іншым чынам уплывае на прававую сітуацыю, датычную ЛГБТК+ у краіне. Так, увесну гэтага года была ўнесеная папраўка ў пастанову №18 Міністэрства культуры РБ ад 8 траўня 2007 года, якая вызначае парадак выпуску, тыражавання, паказу, пракату, продажу і рэкламавання эратычнай прадукцыі, прадукцыі, якая змяшчае элементы эротыкі, гвалту і жорсткасці, прадукцыі па сэксуальнай адукацыі і палавым выхаванні.
Менавіта гэты дакумент і стаў, па меркаванні «Прававой ініцыятывы», прычынай для ўзмацнення цэнзуры і кантроля за распаўсюджаннем інфармацыі на тэму ЛГБТК+. Менавіта з яго вынікаюць трактоўкі, якія дазваляюць чыніць пераслед супраць прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці.
,,«Мне здаецца, што ў гэтым ёсць парушэнне правоў чалавека, таму што там ЛГБТК-стасункі ставяцца на роўні з педафіліяй і чайлд-фры», – адзначыла Наста Базар.
Аналіз гэтай пастановы, праведзены ў справаздачы, сапраўды паказвае, што гомасэксуальнасць прыраўнаваная да такіх злачынстваў, як педафілія, заафілія ці некрафілія, а любыя дзеянні, звязаныя з распаўсюджаннем інфармацыі пра ЛГБТК+, могуць разглядацца як «прапаганда парнаграфіі».
Выходзіць, што дзяржава хоць і не прыняла адмысловага закону аб забароне прапаганды ЛГБТК+, але зрабіла гэта ўскосна, завуалявана, падкрэсліваецца ў справаздачы.
Рэпрэсіі як вынік
І прыняцце падобнага дакумента не прымусіла доўга чакаць наступстваў.
Адным з іх стала ўзмацненне рэпрэсіяў у дачыненні да трансгендарнай супольнасці, якая стала найбольш уразлівай групай ЛГБТК+. Паводле аўтараў справаздачы, людзі сутыкаюцца з узмацненнем стыгматызацыі на заканадаўчым узроўні, адмовамі камісій па гендарным пераходзе, перабоямі з доступам да гарманальнай тэрапіі, прымусовымі шпіталізацыямі і прыніжальнымі медыцынскімі працэдурамі.
«Прававая ініцыятыва» фіксуе пагрозы пазбаўлення бацькоўскіх правоў, незаконныя патрабаванні здачы ДНК, арышты і катаванні. І пры гэтым палітыка беларускіх уладаў у гэтай галіне ўсё больш сінхранізуецца з расейскімі анты-ЛГБТК+ мерамі.
Сярод прыкладаў прыводзяцца сапраўды прыніжальныя выпадкі кшталту такога, які адбыўся ў верасні 2024 года з трансгендэрнай жанчынай: яе затрымалі разам з партнёрам за захоўванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Падчас затрымання яе білі і абражалі, прыніжаючы на падставе гендарнай ідэнтычнасці. У выніку жанчыну прымусілі падпісаць пратакол, у якім было адзначана, што яна распаўсюджвала парнаграфію (караецца паводле артыкула 343 КК РБ).
З небывалым ціскам сутыкнулася і ЛГБТК-супольнасць. Пад прыцэл трапілі асабістыя перапіскі, якія могуць трактавацца сілавікамі як парнаграфія. Асабліва пагоршылася сітуацыя пасля 2020 года, калі раней даступныя фарматы правядзення мерапрыемстваў апынуліся пад забаронай. Страх да сілавікоў, якія цяпер мэтанакіравана пераследуюць прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці, робіць немагчымым асабістыя кантакты, асабліва ў інтэрнэце.
Агулам, толькі за верасень 2024 года ў Беларусі было затрымана ад 15 да 20 прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці, гаворыцца ў справаздачы.

Мэтанакіраваныя затрыманні
Паводле экспертаў і экспертак, якія рыхтавалі справаздачу, розніца ў адносінах з боку сілавікоў да прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці была прыкметная ўжо ў 2020 годзе, аднак тады затрыманні праходзілі паводле палітычных матываў.
«Зараз стала відавочна, што прадстаўнікоў і прадстаўніц ЛГБТК+ затрымліваюць з-за прыналежнасці да супольнасці. Сілавікі маскіруюць свае дзеянні пад артыкулы аб «хуліганстве» або «экстрэмізме», але рэальныя прычыны звязаныя з сексуальнай арыентацыяй і (або) гендарнай ідэнтычнасцю затрыманых», – гаворыцца ў справаздачы.
У справаздачы звяртаецца ўвага, што на сённяшні дзень ужо ёсць заведзеныя крымінальныя справы паводле артыкула 343 Крымінальнага кодэксу («Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару»). Гэта можа значыць, што тэндэнцыя ідзе да прымянення гэтага артыкула для пакарання прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці.
Прапаганда распальвае нянавісць
Праз дзяржаўныя каналы на ўзмацненне антыЛГБТК+ настрояў уздзейнічае і прапаганда. Праз яе ў грамадства трапляюць наратывы пра «змовы педафілаў» і іншыя тэорыі змовы.
Асобна падкрэсліваецца ў справаздачы, што прапаганда ў дзяржаўных медыях выкарыстоўвае вобразы людзей з ЛГБТК-супольнасці для таго, каб апраўдаць ціск на палітычных актывістаў, у гэтых матэрыялах звязваецца ЛГБТК-супольнасць з пратэстамі, і ўсё гэта, са словаў прапаганды, праходзіць пад уплывамі Захаду.
Як вынік, адзначае Наста Базар, у грамадстве стала адчувацца змяненне стаўлення людзей да прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці, яно стала больш нецярплівым, больш агрэсіўным, чаго не было яшчэ 5–10 гадоў таму.
,,«Можна казаць, што рэпрэсіўная машына працуе, яна распальвае нянавісць, яна нармалізуе гвалт, і простыя грамадзяне і грамадзянкі пачынаюць адчуваць, што яны маюць права выказваць агрэсію да ЛГБТК-супольнасці», – падкрэсліла Наста Базар.
Патрэбная падтрымка
Як адзначыла падчас прэс-канферэнцыі Наста Базар, на дадзеным этапе ў першую чаргу патрэбная падтрымка.
Так, напрыклад, арганізацыя «TG House», якая змагаецца за бяспечную прастору для трансгендарных людзей, вядзе збор подпісаў супраць закона аб забароне ЛГБТ-прапаганды.

«Гэтая петыцыя адрасаваная да ўладаў Беларусі. Зразумела, што мы зараз нічога не зменім, але вельмі важна, каб яна была падпісаная вялікай колькасцю людзей для таго, каб паказаць міжнароднай супольнасці, што гэта праблема», – адзначыла Наста Базар.
Акрамя таго, на сённяшні дзень асабліва актуальнай стала праблема для людзей з ЛГБТК-супольнасці, якім небяспечна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і неабходна выязджаць за яе межы. З гэтай мэтай беларуская ЛГБТК+суполка «Prismatika», якая знаходзіцца ў Вільні, арганізавала адмысловы збор, які дапаможа такім людзям у тым, каб бяспечна пакінуць краіну і адаптавацца ў новым месцы.
Раман Шавель belsat.eu