навіны

Беларускія расследавальнікі даведаліся, як агенты спецслужбаў укараніліся ў апазіцыю і да валанцёраў

Агенты Дзмітрый Пратасевіч і Максім Кандратовіч. Фота: БРЦ, калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Агенты Дзмітрый Пратасевіч і Максім Кандратовіч. Фота: БРЦ, калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
podpis źródła zdjęcia

Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) разам з Альянсам расследавальнікаў раскрыў асобы выведнікаў Мінабароны Беларусі.

Як паведамляюць расследавальнікі, матэрыял быў падрыхтаваны ў партнёрстве з Альянсам расследавальнікаў і польскім выданнем «Rzeczpospolita» пры падтрыманні «Кіберпартызанаў».


Дзмітрый Пратасевіч і Георгій Назаранка – альтэрнатыўныя асобы выведніка Юрыя Кізюка. Ён і ягоны напарнік Міхаіл Паветка (ён жа Максім Кандратовіч) летам 2020 года ўвайшлі ў давер да валанцёраў, праніклі ў апазіцыйную арганізацыю і пазней заснавалі фірму ў Польшчы. БРЦ выкрыў шпіёнаў і высветліў, як ім гэта ўдалося.


Яшчэ ў жніўні 2020 года Дзмітрый Пратасевіч звярнуўся да валанцёраў па дапамогу, паказаў ім пратакол аб правапарушэнні. А з часам і сам пачаў займацца валанцёрствам: знаходзіў пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў і дапамагаў ім. Распаўсюджваў пратэставую сімволіку, хадзіў на маршы. Мужчына ўзяў сабе пазыўны Тутэйшы і нік Пахне чабор (Pahne Chab) у «Тэлеграме». Насамрэч Дзмітрый Пятровіч Пратасевіч – выдуманая асоба. У шэрагі валанцёраў ён трапіў з канкрэтнай місіяй – шпіёнскай. Працаваў з напарнікам, які хаваецца пад імем Максім Кандратовіч.


Як высветліўся падман? Пратасевіча нібыта затрымалі разам з ягоным знаёмым, прадпрымальнікам Дзянісам Готтам. У выніку Готта атрымаў 25 содняў адміністратыўнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. А Пратасевіч нібыта змог збегчы проста з мікрааўтобуса сілавікоў. Так ён патлумачыў калегам-валанцёрам сваё з'яўленне ў іхным у офісе на наступны дзень пасля затрымання. Пра гэта БРЦ  распавялі людзі, якія тады працавалі з ім.


Журналісты прааналізавалі сотні фотаздымкаў, прагледзелі мноства даступных медыяфайлаў за той дзень і высветлілі наступнае.


Пратасевіча і Готту затрымалі на вуліцы Валгаградскай. На відэа, апублікаваным у той жа дзень парталам TUT.BY, бачна, як два сілавікі падводзяць Пратасевіча да серабрыстага мікрааўтобуса. На паўхвіліны ён знікае з кадру: камеру адводзяць убок. Затым мужчына зноў з'яўляецца: спачатку побач з сілавікамі, а потым стаіць каля тых жа аўтобусаў ужо без міліцыі. Ён не бяжыць, яго ніхто не пераследуе. Пратасевіч абарочваецца, нацягвае капюшон і сыходзіць з праезнай часткі ў бок ходніку.


Відаць, яго адпусцілі, уцёкаў не было. Як не было і самога Дзмітрыя Пратасевіча.


Расследавальнікі паразмаўлялі з асобай, якая займалася валанцёрствам разам з Пратасевічам і Кандратовічам:


«Мяне заўсёды так насцярожвала тое, што ён задае шмат пытанняў, і Максім задае следам, быццам я знаходжуся на прыёме дзесьці ў следчых органах. [Максім Кандратовіч] не так часта бываў, часам яны прыходзілі так, разам, і, як правіла, адчувалася, што Дзмітрый як бы старэйшы, а [Максім] як бы яго памочнік».


Суразмоўца згадаў, што Кандратовіч, калі ўпершыню прыйшоў да валанцёраў, таксама паказваў дакумент пра сваё затрыманне міліцыяй – даведку з ізалятару. Суразмоўца адзначыў, што «Максім – увогуле закрытая кніга», не распавядаў пра сябе, пра сваю працу.


Журналісты БРЦ таксама вывучылі адну з ведамасцяў на аказаную пацярпелым дапамогу, запоўненую Пратасевічам. У ёй пазначана 10 чалавек. З дапамогай «Кіберпартызанаў» журналісты высветлілі, што з іх мінімум пяці асобаў з такімі звесткамі не існуе. То бок Пратасевіч атрымліваў дапамогу ад арганізацыі – ваўчары на прадукты на 200 рублёў (прыкладна $ 78 паводле сярэдняга курсу за 2020 год) – нібыта для пацярпелых, але падаваў для справаздачнасці спісы і дакументы з фальшывымі звесткамі людзей. Каму насамрэч пайшла вылучаная дапамога, невядома.


Пранік Пратасевіч і ў колы апазіцыі: вясной 2021 года далучыўся да аргкамітэту для стварэння партыі «Разам», якую планавалі зарэгістраваць сябры выбарчага штабу прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі.


Дакучлівасць Пратасевіча і Кандратовіча, падрабязныя роспыты пра дзейнасць арганізацыяў пачалі выклікаць падазрэнні ў іхных калег. На пачатку 2024 года яны звярнуліся да незалежных журналістаў, сярод якіх былі і расследавальнікі БРЦ. Пасля правярання сталася зразумела, што Пратасевіч і Кандратовіч не тыя, за каго сябе выдаюць.

Агенты Дзмітрый Пратасевіч і Максім Кандратовіч. Фота: БРЦ, калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Агенты Дзмітрый Пратасевіч і Максім Кандратовіч. Фота: БРЦ, калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Расследавальнікі высветлілі, што Пратасевіч – гэта Юрый Алегавіч Кізюк, старэйшы лейтэнант міліцыі з аддзелу для барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Наваградскага РАУС. А Кандратовіч – Міхаіл Паветка, старэйшы лейтэнант юстыцыі, дазнаўца аддзелу дазнання і вышуку вайсковай камендатуры Узброеных сілаў. Яны ў адзін час вучыліся ў Акадэміі МУС, але Паветка не працаваў у міліцыі. З 2015 да 2018 года, перад тым як трапіць у выведку, Паветка працаваў у вайсковай камендатуры Менску.


Паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», калі ў Беларусі пачаліся пратэсты пасля выбараў у 2020 годзе, Паветка і Кізюк усё яшчэ служылі ў вайсковай частцы 45523. У іх было некалькі пашпартоў на розныя імёны. Абодва мелі не толькі альтэрнатыўныя асобы, але і альтэрнатыўных жонак, дзяцей і бацькоў.


У 2021 годзе некаторыя беларускія дабрачынныя арганізацыі пачалі пераязджаць у Еўропу. Кізюк і Паветка рушылі ўслед за імі і працягнулі шпіёніць сярод валанцёраў і ў колах дэмакратычных сілаў ужо на тэрыторыі Польшчы.


Паводле звестак польскага рэестру юрыдычных асобаў, у снежні 2022 года Міхаіл Паветка пад выглядам Максіма Кандратовіча зрабіўся адным з заснавальнікаў польскай кампаніі «Arkmaxx group». У жніўні 2023-га ў склад заснавальнікаў фірмы з фальшывым пашпартам на імя Дзмітрыя Пратасевіча ўвайшоў і Юрый Кізюк.


Куды яшчэ маглі ўкараніцца шпіёны пад фальшывымі імёнамі, якую інфармацыю здабылі за чатыры гады і перадалі ўладам Беларусі, пакуль дакладна невядома.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10